Андрэй Ягораў: З Еўразвязам няма трохбаковай супрацы



«Сітуацыя з правамі чалавека і палітзняволенымі – гэта тое, што перашкаджае развіццю адносінаў Еўразвязу і Беларусі». Такая заява прагучала на сустрэчы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з еўракамісарам па палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Яханэсам Ханам і прадстаўнікамі службы знешніх дзеянняў Еўразвязу і Еўракамісіі.

“Па-ранейшаму не вырашаная важная праблема супрацоўніцтва з Еўразвязам – няма трохбаковай супрацы калі разам працуюць Еўразвяз, улады ды грамадзянская супольнасць”, – падкрэсліў у нашым эфіры ўдзельнік сустрэчы, каардынатар форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» па Беларусі Андрэй Ягораў:

– Ёсць асобныя адносіны Еўрапейскага звязу з грамадзянскай супольнасцю і ёсць адносіны Еўрапейскага звязу з урадам, якія амаль не перасякаюцца. Шэраг рэформаў на прыкладзе праектаў маюць імітацыйны характар, бо няма там зацікаўленых суб’ектаў, якія бы рэальна былі зацікаўленыя ў зменах у гэтых сектарах.

На сустрэчы абмяркоўваліся адносіны Еўразвязу і Беларусі, праблема палітычных вязняў, выкананне правоў чалавека ды ўзаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя