Андрэй Ягораў пра стратэгічны дыялог
Пляцоўка стратэгічнага дыялогу Беларусь – ЗША разгарнецца сёння (у сераду, 6-га снежня) у Вашынгтоне. Яе ўдзельнікамі стануць прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі, сярод якіх – Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Офіс Святланы Ціханоўскай, „Кіберпартызаны”, праваабарончая арганізацыя „Вясна”, і інш.

Важнасць падзеі адзначае спікер Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў:
– Увогуле гэта даволі ўнікальны фармат таму, што Злучаныя Штаты вядуць дыялог звычайна з урадамі краін. Гэта не так шмат краін, з якімі Злучаныя Штаты вядуць такі стратэгічны дыялог. Таму калі ён пачынаецца з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, гэта паказвае значнасць тэмы для Злучаных Штатаў у міжнародным парадку дня. Гэта дастаткова высокі ўзровень, Каардынацыйная Рада прадстаўлена. Прыкладна палова дэлегацыі – гэта тое, што было вызначана Каардынацыйнай Радай.
Сярод тэм, якія плануецца закрануць, – незалежнасць Беларусі, пытанне палітвязняў і міжнародныя стасункі краін.
Беларускае Радыё Рацыя
