Андрэйчанка пайшоў на 4-ы тэрмін і зноў стаў спікерам парламента



Уладзімір Андрэйчанка зноў стаў спікерам беларускага парламента. Яго абралі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 7-га склікання, якія сабраліся на сваё першае пасяджэнне, паведамляе Еuroradio.

Кандыдатуру Андрэйчанкі прапанаваў Ігар Марзалюк. Іншых кандыдатур не было. Гэта тое пытанне, дзе альтэрнатыва не патрэбная, сказаў дэпутат Тэнгіз Думбадзэ пра Уладзіміра Андрэйчанку. Вынік: „за” прагаласавалі 109 дэпутатаў, „супраць” — адзін.

Уладзіміру Андрэйчанку 70 гадоў. Ён — ураджэнец Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. У савецкія часы працаваў у партыйных камуністычных арганізацыях, быў старшынём калгасу, райвыканкама, першым сакратаром райкаму КПБ. У пачатку 1990-х быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, які аднавіў дзяржаўную незалежнасць нашай краіны. Ачольваў Віцебскі аблвыканкам, быў чальцом Савета Рэспублікі. У 2008-м ён пачаў сваю кар’еру ў Палаце прадстаўнікоў. І з таго часу Уладзімір Андрэйчанка быў яе старшынём 4-га, 5-га і 6-га скліканняў. На парламенцкіх выбарах ён набіраў рэкордныя 85-86%.

Фота sputnik.by