Андрэйчанка: У Беларусі актыўна сочаць за рэформамі ў Грузіі



У Беларусі актыўна сочаць за рэформамі ў Грузіі, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка 20 лістапада ў Менску на сустрэчы са старшынёй парламента Грузіі Іракліем Кабахідзе.

„Нягледзячы на тое што мы знаходзімся геаграфічна далёка адзін ад аднаго, мы ўважліва сочым за пераўтварэннямі, якія адбываюцца ў Грузіі, за ростам яе аўтарытэту на міжнароднай арэне. Усё гэта адбываецца дзякуючы працавітасці і таленту грузінскага народа. Нашы народы выбудоўваюць самыя цёплыя, брацкія адносіны: як грузінам, так і беларусам было нялёгка, ім ніколі нічога не падала з неба”, — адзначыў Андрэйчанка.

Спікер ніжняй палаты падкрэсліў, што гэта першы ў гісторыі двухбаковых адносін такі высокі візіт на парламенцкім узроўні. „Мы разлічваем, што ён будзе выніковым”, — сказаў на заканчэнне старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Андрэйчанка звярнуў увагу, што апошнім часам у сферы гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Грузіяй назіраецца станоўчая дынаміка. Так, калі па выніках 2016 года года ўзаемны тавараабарот склаў 73 млн долараў, то па выніках 2017 года года краіны могуць выйсці на тавараабарот у 100 млн долараў. „Мы зараз знаходзімся на такім этапе супрацоўніцтва, што неабходна вызначыць маштабны праект, вакол якога яно будзе складвацца”, — прапанаваў ён і ўдакладніў, што такім праектам можа стаць зборачная вытворчасць у Грузіі беларускіх ліфтаў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама выказаўся за актывізацыю двухбаковых кантактаў па лініі раней створаных у парламентах груп дружбы паміж краінамі.

У сваю чаргу Іраклій Кабахідзе падзякаваў беларускаму боку за падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі і выказаў надзею на ўмацаванне ўзаемаадносін з Беларуссю ва ўсіх сферах.

belapan.com