Новая адміністрацыйная справа Андрэя Мялешкі за працу без акрэдытацыі
Працягваецца ціск на гарадзенскага журналіста-фрылансера Андрэя Мялешку. Як распавёў незалежны журналіст, да яго дадому прыйшлі сёння міліцыянты і склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні за працу на замежную радыёстанцыю без акрэдытацыі.
– Яны складалі пратакол апытання па заведзенай адміністрацыйнай справе. Арт. 22.9 – як і ў мінулы раз, за тое, што нібыта браў інтэрв’ю ў прафесара Чарапіцы, прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, пра кніжку 400 імёнаў Гарадзеншчыны. Прыкладна праз два тыдні будзе суд – трэці суд у гэтым годзе.
Гэта ўжо не першы візіт спецслужбаў да Андрэя Мялешкі. За апошні час яго ўжо двойчы судзілі і прысудзілі вялікія штрафы. Аднак Андрэй заяўляе, што працягне працу і не з’едзе з Беларусі.
* * *
Працягваецца ціск на незалежных журналістаў у Беларусі. Гарадзенскага журналіста-фрылансера Андрэя Мялешку выклікаюць у Ленінскі РАУС дзеля дачы тлумачэнняў. Як распавядае сам журналіст, справа датычыць інтэрв’ю, якое было змешчанае на старонках сайта Беларускага Радыё Рацыя яшчэ ў кастрычніку.
– Еду зараз даваць тлумачэнні ў міліцыю, патэлефанавалі і папрасілі, каб я пад’ехаў. Наконт інтэрв’ю на Радыё Рацыя з прафесарам Чарапіцам, які мне давай інтэрв’ю месяц назад.
Сёлета гэта ўжо трэцяя спроба прыцягнення журналіста да адказнасці за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Андрэя Мялешку ўжо двойчы штрафалі за яго прафесійную дзейнасць.
Міжнародныя журналісцкія арганізацыі заклікаюць улады Беларусі скасаваць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае права на доступ да інфармацыі. Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч падчас свайго афіцыйнага візіту ў Менск сёлета ў верасні таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці яе адмяніць.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя