Андрус Кубілюс: 5-га лістапада – апошняя дата для Лукашэнкі
Дзяржаўная сістэма Лукашэнкі ўжо ніколі не здабудзе былой стабільнасці. Але і перадача ўлады не адбудзецца хутка. Мажлівую хаду падзеяў абмеркавалі ўдзельнікі міжнароднай анлайн-сустрэчы «Новая Беларусь. Што далей?».
Сярод іншых сваімі думкамі падзяліўся еўрадэпутат, экс-прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс:
– 5 лістапада, ці крыху раней, калі Лукашэнка вырашыць пайсці на новую інаўгурацыю, пасля гэтага ён не будзе ўжо прэзідэнтам у вачах усяго дэмакратычнага свету. Пасля гэтага ён ужо не прэзідэнт. Ён грамадзянін Беларусі, які імкнецца ўзурпіраваць уладу. З ім ніхто далей не можа гаварыць. Што рабіць, калі пасада прэзідэнта становіцца вакантнай? Новыя выбары не раней, чым праз 30 дзён і не пазней, чым праз 70. Ваша Канстытуцыя гаворыць вельмі выразна. З кім тады весці дыялог, я не ведаю. Магчыма, з урадам. Тады, магчыма, прэм’ер-міністр паўнамоцтвы мае. Для міжнароднай супольнасці, асабліва заходняй, дэмакратычнай, пасля 5 лістапада ў Беларусі прэзідэнта няма, гэтае месца – вакантнае. Канешне, вы будзеце вырашаць на вуліцах і плошчах справы ў Беларусі, але галоўныя міжнародныя гульцы – гэта, канешне, Брусэль, Берлін, Вашынгтон, Масква. Я пра Пекін не ведаю. Але і яго трэба мець на ўвазе.
Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што галоўную ролю ў міжнародным рэгуляванні беларускага пытання жадае адыграць Расея. Заклапочанасць выклікаюць намеры Крамля ўвесці пры неабходнасці на суседнюю тэрыторыю вайсковы кантынгент.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: 1tv.ge