Анджэй Дуда будзе прадстаўляць Польшчу на саміце НАТА
Прэзідэнт Анджэй Дуда будзе прадстаўляць Польшчу на запланаваным на 3 і 4 снежня саміце Паўночнаатлантычнага Альянсу, паведамляе polskieradio.pl.
Сустрэча прысвечаная 70-годдзю ўзнікнення НАТА. Сваю першую сядзібу Альянс меў у Лондане, і менавіта таму юбілейная сустрэча пройдзе ў сталіцы Вялікабрытаніі. Заўтра вечарам лідараў краінаў – чальцоў НАТА прыме брытанская каралева Елізавета ІІ. У сераду яны сустрэнуцца на афіцыйным паседжанні. У адрозненні ад папярэдніх самітаў, у праграме прадугледжана толькі адна сесія, якая будзе тычыцца будучыні альянсу. Сярод тэм – выдаткі на абарону, замежныя місіі, адносіны з Расеяй і Кітаем.
Падчас двухдзённага візіту прэзідэнт Польшчы ўручыць пасмяротную адзнаку памерламу два гады таму Францішку Карніцкаму. Ён быў польскім пілотам, які падчас Другой сусветнай вайны змагаўся ў брытанскіх шэрагах.
Фота PAP