Анджэй Дуда: Крэдыт даверу да ўрада – вычарпаны
Крэдыт даверу да ўрада – вычарпаны. Пра гэта заявіў Анджэй Дуда, пераможца прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы. Так ён каментуе палітычны крызіс у Польшчы.
На яго думку, існая сітуацыя не месціцца ў стандарты дэмакратычнай дзяржавы, дзяржавы, якой кіруюць людзі адказныя перад грамадствам і выбаршчыкамі:
– Напэўна ніхто не мае сумневаў гледзячы на ўсё гэта, што ў Польшчы не адбываецца нічога добрага. Крэдыт даверу ў адносінах да кіруючай восем гадоў партыі, у адносінах да гэтай каманды – вычарпаны. Чарговыя рэканструкцыі не прынеслі так чаканых грамадствам пазітыўных змен функцыянавання дзяржавы, а перадусім у падыходзе да публічных спраў і таго, што з’яўляецца прынцыповай задачай улады – дбанне пра супольнае дабро.
Напярэдадні ў Польшчы заявілі пра адстаўку некалькіх міністраў, віцэ-міністраў і маршалка Сейма, прозвішчы якіх праходзяць па справе з праслухоўваннем. Гэтая справа пачалася год таму, калі ў часопісе Wprost надрукавалі змест размоваў палітыкаў высокага рангу, атрыманыя ў выніку незаконнага праслухоўвання.
Днямі 2,5 тысячы старонак з матэрыялаў следства па гэтай справе, разам з асабістымі дадзенымі, трапілі ў інтэрнэт. Гэта самы вялікі выцек інфармацыі следства ў гісторыі Польшчы.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота PAP