Анджэй Дуда ляціць у ЗША на Саміт нуклеарнай бяспекі



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда накіроўваецца з візітам у ЗША, дзе прыме ўдзел у Саміце нуклеарнай бяспекі. З гэтай нагоды ў польскага лідара адбудуцца сустрэчы з прэзідэнтамі Турцыі, Украіны і Грузіі.

Саміты нуклеарнай бяспекі ініцыяваў у 2010-м годзе Барак Абама. Іх мэтай з’яўляецца прадухіленне перадачы тэрарыстам матэрыялаў для стварэння ядзернай зброі. Ад першага саміту колькасць краін, у якіх ёсць дастаткова матэрыялаў, каб стварыць атамную зброю, зменшылася з 39-ці да 25-ці. Чацвёрты Саміт нуклеарнай бяспекі пройдзе ў Вашынгтоне 31-га сакавіка і 1-га красавіка.

Прэзідэнт Дуда сустрэнецца таксама з уплывовымі вашынгтонскімі асяродкамі. Ён выступіць у Нацыянальным Прэс-Клубе наконт польскага бачання міжнароднай бяспекі. Гэта будзе вялікая прэзентацыя польскай пазіцыі для вашынгтонскіх элітаў. Плануецца сустрэча Анджэя Дуды з амерыканскімі журналістамі-міжнароднікамі і прадстаўнікамі польскіх арганізацый.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота hronika.info