Анджэй Дуда не паедзе ў Ізраіль на Форум памяці Халакоста
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда не возьме ўдзелу ў пятым Сусветным форуме Халакосту ў Ізраілі, – паведамляе Gazeta Wyborcza. Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту адзначаецца 27 студзеня — у дзень вызвалення нацысцкага канцлагера “Аўшвіц-Біркенаў”.
“Прэзідэнт Анджэй Дуда не скарыстаецца запрашэннем на святкаванне 75-й гадавіны вызвалення канцлагера “Аўшвіц-Біркенаў”, арганізаванае Інстытутам Яд ва-Шэм у Ерусаліме 22 і 23 студзеня”, – гаворыцца ў паведамленні. Паводле інфармацыі газеты, адна з асноўных прычын палягае ў тым, што “галоўным госцем павінен быць прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін”. У Польшчы абураныя нядаўнімі выказваннямі Пуціна, які назваў Польшчу хаўрусніцай Гітлера, удзельніцай “мюнхенскай змовы” і ўскладаў на яе адказнасць за развязванне Другой сусветнай вайны.
Фота: Sławomir Kamiński / Agencja Gazeta