Анджэй Дуда пракаментаваў сітуацыю ў Беларусі
„Нам бы вельмі хацелася, каб гэтая краіна рухалася ў бок дэмакратыі, стала сапраўды цалкам суверэннай і незалежнай краінай”, — заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, каментуючы сітуацыю ў Беларусі на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніком Румыніі Клаўсам Ёханісам 10 траўня ў Бухарэсце.
„Мы б хацелі, каб гэтыя памкненні і спадзяванні беларускага народа былі рэалізаваныя”, — сказаў Дуда.
Польскі лідар прыбыў у Румынію для ўдзелу ў саміце „Бухарэсцкай дзявяткі” (B-9), якая аб’ядноўвае краіны ўсходняга флангу НАТА (Балгарыю, Венгрыю, Латвію, Літву, Польшчу, Румынію, Славакію, Чэхію і Эстонію). У мерапрыемстве бяруць удзел таксама прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг.
Паводле слоў Дуды, сяброўства ў НАТА, прысутнасць саюзнікаў, у тым ліку амерыканцаў, ва ўсходняй частцы Еўропы дазваляе Польшчы не толькі спакойна мадэрнізаваць уласныя ўзброеныя сілы, але і дадаткова арганізоўваць бяспеку грамадзян, „гэтак важную ў цяперашнія цяжкія часы”.
„З польскага пункту гледжання праблема перш за ўсё ў Беларусі, — сказаў прэзідэнт. — Гаворка пра беларускіх грамадзян польскай нацыянальнасці, у прыватнасці пра тых, хто ўзначальвае польскую меншасць у Беларусі. На жаль, лідары польскай меншасці арыштаваныя. Сітуацыя ў гэтых адносінах вельмі складаная”.
Акрамя таго, паводле слоў Дуды, існуе няпэўнасць у лёсе Беларусі, і перш за ўсё яе жыхароў. „Сітуацыя такая, якая яна ёсць. І сёння мы павінны быць вельмі пільнымі, назіраючы, па-першае, за сітуацыяй, а па-другое, быць гатовымі ў выпадку якой-небудзь пагрозы з таго боку. Але мы таксама павінны стаць на абарону Беларусі на міжнародным узроўні, каб яе суверэнітэт захаваўся”, — падкрэсліў кіраўнік Польшчы.