Анджэй Дуда прыбыў у Кіеў з афіцыйным візітам
У Кіеве з афіцыйным візітам знаходзіцца польскі прэзідэнт Анджэй Дуда. Гэта – ці не самы даўгачаканы візіт замежнага лідара ва Украіну за апошнія часы. Польшча з’яўляецца найбольш паслядоўным саюзнікам украінцаў у Еўразвязе, дый і польская дыпламатычная падтрымка Украіны ва ўзброеным канфлікце з Расеяй ці не самая значная ва ўсёй Заходняй Еўропе.
Анджэй Дуда (Фота PAP)
Магчымыя вынікі сустрэч П. Парашэнкі і А. Дуды абмяркоўваюцца не толькі палітолагамі, але і ў бізнэсовых колах, сярод дзеячоў культуры і мастацтва і нават шэраговымі грамадзянамі.
Як могуць паўплываць перамовы ўкраінскага і польскага бакоў на сітуацыю ў рэгіёне? Чаму могуць украінцы навучыцца ў палякаў? Як перадоліць узаемныя гістарычныя крыўды двух суседскіх народаў?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў са старшынём “Самаабароны Майдана” Аляксандрам Ясенчуком.
РР: Чаго Украіне варта чакаць ад гэтага візіта?
Аляксандр Ясянчук: У сучасных умовах, калі ўкраінскія ўрад і парламенцкая кааліцыя знаходзяцца ў такім няпэўным становішчы, калі паседжанні Вярхоўнай Рады ператвараюцца ў балаган – прынамсі, для Еўропы напэўна, роля гэтага візіту важная хаця б у тым, што палякі ў пэўным сэнсе могуць стаць узорам для ўкраінцаў. На мой погляд, і нашым дэпутатам у Вярхоўнай Радзе, і грамадзянскай супольнасці трэба ўздымаць узровень палітычнай культуры. Чаму б не ўзяць прыкладам тую ж Польшчу? Можа, нехта палічыць мае словы абразлівымі для ўкраінцаў, але Польшча можа быць для нас старэйшым братам, настаўнікам, які пакажа нам, як правільна даходзіць да еўрапейскага ўзроўня.
РР: У 90-я гады сітуацыя ў Польшчы была не надта лепшай за сучасную ўкраінскую – прынамсі, эканамічная. Але ж палякі вельмі і вельмі хутка гэты крызіс перадолелі. Цяпер польская эканоміка адна з найбольш дынамічных у Еўропе. Які польскі досвед могуць скарыстаць украінцы?
Аляксандр Ясянчук: Проста для параўнання: ва Ўкраіне прыродных рэсурсаў значна больш, чым у Польшчы. Але ж, з іншага боку, гэта азначае, што ва Ўкраіне ёсць, што можна раскрасці, і красці можна проста бязмежна! Раскралі заводы, цяпер, напрыклад, высякаюць лясы. Да зямлі яшчэ не дабраліся, таму што нават з таго, што яшчэ ёсць, можна красці, красці і красці. На маю думку, нам трэба пераняць польскія юрыдычныя досведы – найперш, павагі да законаў і прыятытэту права. Права над кумаўством, над жаданнем “раздзербаніць” нацыянальныя багаці. Найперш – перадоленне прававога нігілізму.
РР: Украінцы вельмі мала ведаюць пра Польшчу, з якой суседнічаюць. З іншага боку, палякі таксама не надта шмат ведаюць пра Украіну. Увогуле, у палякаў склалася багата міфаў пра Ўкраіну, якія не адпавядаюць рэчаіснасці… Як сустрэча Пятра Парашэнкі і Анджэя Дуды могуць выправіць сітуацыю?
Аляксандр Ясянчук: На маю думку, ужо сам факт гэтай сустрэчы Анджэя Дуды і Пятра Парашэнкі – перадоленне тых стэрэатыпаў, якія склаліся ў палякаў у дачыненні да Украіны і ў нас у дачыненне да Польшчы. Візіт справакуе хвалю інтарэсу палякаў да нас і ўкраінцаў да Польшчы. Тыя ж матэрыялы ў медыях – у польскіх пра Ўкраіну, ва ўкраінскіх – пра Польшчу… Усё гэта, без сумневу, дасць свой плён. Дый прэзыдэнты, напэўна, падпішуць між сабой нейкія дамовы. А, ўвогуле, відавочна бракуе польскага радыё, напрыклад, для Ўкраіны – каб яно пакрывала ўсю тэрыторыю нашай краіны. І, адпаведна, украінскага радыё для Польшчы. Таксама, на маю думку, не выкарыстоўваецца патэнцыял тых украінскіх арганізацый, якія ёсць у Польшчы. Тамака ўкраінцаў, як не памыляюся, некалькі соцень тысяч. Увогуле, у нашых народаў не так багата кантактаў, як бы хацелася.
РР: Сярод пытанняў, якія могуць узнікнуць у перамовах украінскага і польскага прэзыдэнтаў, могуць быць і не надта прыемныя. Напрыклад – Валынская трагедыя 1943 года. Як гэта можна перадолець?
Аляксандр Ясянчук: Магчыма, варта прыгадаць досвед іншых народаў. Гістарычная даследванні, высновы гісторыкаў… Пасля чаго будаваць нашыя адносіны паводле формулы: “Мы даруем вам, дык даруйце нам і вы!..”
Візіт Анджэя Дуды ва Ўкраіну будзе доўжыцца два дні. Мяркуецца, што прэзыдэнты падпішуць шэраг пагадненняў, а па выніках візіту будзе агучана сумесная ўкраінска-польская заява.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя