Анджэй Дуда: Расейская агрэсія супраць Украіны – паваротны момант для ўсёй Заходняй Еўропы



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з пасланнем да нацыі ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, паведамляе polskieradio24.pl. Як падкрэсліў Дуда, гэта ўзброены напад на суверэнную, незалежную дзяржаву.

Анджэй Дуда заявіў, што „вайна ў Еўропе была развязана па рашэнні Уладзіміра Пуціна”. Ён дадаў, што гэта пацягне за сабой шматлікія трагедыі, смерць і разбурэнні, і што палякі – адзін з народаў, найбольш пацярпелых ад войн, – цудоўна гэта ведае і разумее.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што Украіна і ўкраінскі народ могуць разлічваць на поўную падтрымку з боку Польшчы, аб чым ён таксама заявіў у сераду ў Кіеве, усяго за некалькі гадзін да ўварвання.

Дуда адзначыў, што „агрэсія супраць Украіны з’яўляецца паваротным момантам для ўсёй заходняй супольнасці”. – Да гэтага часу многія сусветныя лідары знаходзіліся ў ілюзіі, што з Уладзімірам Пуціным і Расеяй можна весці нармальныя перамовы, дамоўленасці, якія будуць выконвацца. Як Польшча, мы шмат разоў перасцерагалі ад такіх адносін”, падкрэсліў прэзідэнт.

У гэтым кантэксце ён нагадаў словы прэзідэнта Леха Качыньскага, вымаўленыя ў 2008 годзе ў Тбілісі падчас расейскай агрэсіі супраць Грузіі. – Тады Лех Качыньскі папярэдзіў: „сёння Грузія, заўтра Украіна, паслязаўтра Прыбалтыка, а потым, магчыма, прыйдзе час для маёй краіны, для Польшчы”.

На жаль, ніякіх высноваў з таго ўрока зроблена не было, і іншыя трагедыі здараліся і адбываюцца. Менавіта таму сёння такія важныя адзінства і агульная, рашучая пазіцыя ўсёй заходняй супольнасці ў адносінах да Расеі, – дадаў ён.

Гэта, растлумачыў ён, патрабуе „вельмі цвёрдай” рэакцыі. Нядаўна ён гаварыў пра гэта з сусветнымі лідарамі. Па словах Анджэя Дуды, гэта павінна азначаць вельмі жорсткія санкцыі, якія „ўдараць па ўсіх напрамках дзейнасці расейскага агрэсара”.

Фота: polskieradio