Анджэй Дуда сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай меншасці
У прэзідэнцкім палацы ў Варшаве адбылася сустрэча прэзідэнта Рэчы Паспалітай Анджэя Дуды з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.
Фота: prezydent.pl
На сустрэчу былі запрошаныя старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак і старшыня БГКТ Ян Сычэўскі. Яўген Вапа ў нашым эфіры падзяліўся сваімі ўражаннямі адразу пасля сустрэчы з прэзідэнтам.
РР: Пра што важнае гаварылася падчас гэтай сустрэчы?
Яўген Вапа: Сёння спадар Ян Сычэўскі адзначае свой дзень нараджэння. І наша сустрэча пачалася з віншавання прэзідэнта. Алег Латышонак уручыў Дуду кнігу “Гісторыя беларусаў Падляшша”. Я ўручыў альбом “Нівы”, прымеркаваны да 65-годдзя выдання. Пасля адбылася размова пра нашыя беларускія справы. Размова была вельмі адкрытая, цёплая. Гаварылі пра ўсё: эканоміку, культуру, нашу гісторыю. Быў разгледжаны вялікі дыяпазон пытанняў падчас гэтай гадзіннай сустрэчы.
РР: Ці Анджэй Дуда зарыентаваны ў нашай гісторыі, нашай культуры, у жыцці беларусаў у Польшчы?
Яўген Вапа: Так, ён вельмі моцна зацікаўлены, ён быў на Падляшшы, яму вельмі падабаецца Супрасль. Але цікавіла яго перадусім як выглядае наша штодзённае жыццё як грамадзянаў Польшчы, сітуацыя ў рэгіёнах, інвестыцыі. Таксама гістарычныя тэмы яму неабыякавыя. Самая важная рэч – прэзідэнт Польшчы прыняў нашае запрашэнне прыехаць да беларусаў Беласточчыны, калі дазволіць эпідэміялагічная сітуацыя. Такім чынам, мы чакаем адмысловы візіт Анджэя Дуды да нас на Беласточчыну.
Падчас сустрэчы гаварылася таксама пра “Беларускае Радыё Рацыя” і яго ролю, а таксама пра існаванне ўсёй нашай беларускай супольнасці, пра беларускую культуру, якія маем патрэбы, пра неабходнасць Цэнтра беларускай культуры ці іншых структур, звязаных з беларускімі культурніцкімі справамі.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя