Анджэй Дуда: Сёння мы маем два сур’ёзныя крызісы
Напружаная сітуацыя на ўкраінска-расейскай мяжы, а таксама міграцыйны крызіс сталі галоўнымі тэмамі сустрэчы прэзідэнтаў краін Люблінскага трохкутніка.
Фота: prezydent.pl
Лідары Украіны, Польшчы і Літвы Уладзімір Зяленскі, Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа сустрэліся 20 снежня ва ўкраінскіх Карпатах. Па выніках сустрэчы адбылася прэсавая канферэнцыя, падчас якой прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падкрэсліў, што міграцыйны крызіс справакавалі ўлады ў Менску пры падтрымцы Крамля:
– Сёння мы маем два крызісы: па-першае, маем крызіс памежны, які паўстаў праз рэжым у Беларусі, які, без сумнення, падтрыманы з Масквы, бо няма ніякіх сумненняў адносна хто каардынаваў там гэтыя падзеі, якія выліліся ў атакі мігрантаў на польскую граніцу, граніцу Еўразвяза і тэрыторыю Шэнгена. Гэтыя атакі былі спынены з дапамогай нашых вайскоўцаў.
Другой праблемай у рэгіёне прэзідэнт Дуда назваў сітуацыю на ўкраінска-расейскай мяжы. Палітык зазначыў, што гэтае пытанне непакоіць Польшчу і ўсіх іншых саюзнікаў па НАТО:
– І другая праблема, чыста расейская, дзеянні, якія Расея пачала апошнім часам, – інтэнсіфікацыя мілітарнай актыўнасці побач з расейска-украінскай мяжой, але таксама і побач з граніцай беларуска-польскай, у выніку інтэнсіфікацыі расейскіх вайсковых адзінак на тэрыторыі Беларусі.
“Бяспека Украіны – гэта фундаментальнае пытанне”, – адзначыў Анджэй Дуда, дадаўшы, што трэба прымаць усе намаганні для прадухілення агрэсіі Расеі супраць Украіны. Па выніках сустрэчы лідараў краін Люблінскага трохкутніка была падпісаная сумесная дэкларацыя, якая пацвердзіла адзінства падыходаў Украіны, Польшчы і Літвы да агучаных праблем.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя