Анджэй Дуда: Крым – гэта Украіна
Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што Польшча не прызнае незаконную акупацыю і анексію Аўтаномнай Рэспублікі Крым і Севастопаля Расейскай Федэрацыяй. У прамове падчас першага пасяджэння Крымскай платформы ў Кіеве прэзідэнт Польшчы заявіў пра салідарнасць палякаў з украінскім народам.
Свой выступ прэзідэнт Польшчы пачаў на ўкраінскай. «Паважаны Спадар Прэзідэнт Украіны! Паважанае панства, дарагія сябры! Вялікі дзякуй, спадар прэзідэнт, за запрашэнне і магчымасць сустрэцца з вамі», – звярнуўся Дуда пасля чаго перайшоў на польскую:
– Я прыехаў да вас з суседняй краіны, дзе словы акупацыя і падзелы ўжываліся, на жаль, досыць часта. У Польшчы мы добра разумеем, як адчувае сябе чалавек, у якога адбіраюць годнасць і маёмасць, якому кажуць «Гэта ўжо не твая краіна». Сёння я тут знаходжуся, каб данесці да нашых украінскіх братоў, што палякі разумеюць ваша становішча, вашу пакуту. Вы можаце разлічваць на нашу падтрымку.
Прэзідэнт Дуда таксама выказаў надзею, што рашэнні, прынятыя сёння ў Кіеве, будуць спрыяць замацаванню пераканання ў міжнароднай супольнасці, што неабходна дзейнічаць, каб пераадолець наступствы незаконнай анексіі Крыма:
-Я веру, што ў нас усё атрымаецца! Запэўніваю вас, што Польшча будзе актыўным удзельнікам Крымскай платформы. Крым – гэта Украіна. Мы не згодныя з іншым наратывам. Няхай жыве Украіна!
Саміт, арганізаваны афіцыйным Кіевам, сабраў амаль 50 дэлегацый з усяго свету, у тым ліку каля дзясятка еўрапейскіх лідараў.
Фота: wpolityce.pl