Анджэй Дуда: Як нацыя, мы яшчэ раз паказваем, што такое салідарнасць
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда звярнуўся да народа Польшчы з пасланнем.
У сваім звароце Анджэй Дуда нагадаў аб сваім нядаўнім візіце ва Украіну: „Літаральна тыдзень таму я быў у прыгожым, ганарлівым Кіеве і размаўляў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Праз некалькі гадзін расейскія войскі напалі на незалежную Украіну, развязаўшы супраць нашага суседа жорсткую вайну. Сёння на Кіеў падаюць бомбы, а жыхары разам з украінскім войскам абараняюць свой горад”, – сказаў ён.
Анджэй Дуда таксама звярнуў увагу на злачынствы, якія ўчыняюцца расейскім войскам супраць мірнага насельніцтва. „Шматкватэрныя дамы, школы і бальніцы падвяргаюцца нападам. Шматлікія напады расейскіх войскаў носяць на сабе прыкметы генацыду. Я веру, што яны не застануцца беспакаранымі і што вінаватыя адкажуць перад міжнароднымі трыбуналамі”, – сказаў прэзідэнт.
У сваім звароце прэзідэнт падкрэсліў, што „Польшча з першага дня актыўна дапамагае сваім суседзям”. Ён нагадаў аб намаганнях польскіх улад па абмежаванні Расіі. – Мы дабіваліся самых жорсткіх санкцый супраць агрэсараў на міжнароднай арэне, і яны сталі фактам, – сказаў ён. Ён таксама запэўніў, што знаходзіцца ў „пастаянным кантакце” з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам, лідарамі ЕЗ і іншымі сусветнымі лідарамі.
Сёння польскі пункт гледжання прыняла пераважная большасць заходніх краін. Гэта вялікая змена, – адзначыў Анджэй Дуда. Ён таксама спаслаўся на просьбу ўкраінскіх уладаў надаць дзяржаве статус кандыдата ў Еўразвяз. – Мы выступаем за Украіну ў яе імкненні стаць сябрам ЕЗ. Паводле яго слоў, у рамках НАТА мы аказваем канкрэтную дапамогу Украіне, якая абараняецца.
Прэзідэнт адзначыў, што з пачатку ўварвання „Польшча ўжо прыняла больш за паўмільёна бежанцаў, якія ратуюцца ад трагедыі вайны”.
Анджэй Дуда перадаў сваім суайчыннікам словы падзякі ад Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. – Амаль кожны дзень я размаўляю з прэзідэнтам Зяленскім аб тым, як мы можам падтрымаць нашых суседзяў.
Прэзідэнт запэўніў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім і міністрамі. Ён падкрэсліў, што „ўся адміністрацыя, як цэнтральная, так і мясцовая, сутыкнулася з вялікім выклікам”, і што „адпаведныя службы прыведзены ў падвышаную гатоўнасць”. – Я высока ацэньваю дзейнасць, распачатую ў апошнія дні. Польская дзяржава здае іспыт, – адзначыў Анджэй Дуда.
Польшча з’яўляецца лідарам дапамогі Украіне, таму мы сталі і будзем мішэнню арганізаванай, цынічнай, расійскай прапаганды і дэзінфармацыі. Мы ўсе павінны гэта ўсведамляць, – сказаў прэзідэнт. Паводле яго слоў, „у замежных СМІ ўжо былі спробы абгаварыць Польшчу, выклікаць варожыя эмоцыі ў адносінах да бежанцаў, якія прымаюцца намі”. – Такіх правакацый можна чакаць шмат у бліжэйшы час. Запэўніваю вас, што мы як дзяржава жорстка на іх адрэагуем, але таксама прашу ўсіх быць вельмі асцярожнымі і адказнымі.
Анджэй Дуда падкрэсліў неабходнасць „адзінства і адказнасці” не толькі ў грамадстве, але і на палітычнай арэне. – Пра гэта я гаварыў сёння на Савеце нацыянальнай бяспекі з удзелам палітыкаў, якія прадстаўляюць як уладу, так і апазіцыю. На заўтра ў Прэзідэнцкі палац я запрасіў свайго суперніка па прэзідэнцкіх выбарах, прэзідэнта Варшавы Рафала Тшаскоўскага, а таксама прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, – сказаў ён.
Сёння нам неабходна супрацоўніцтва. Цяпер не час для палітычных спрэчак. Важная Польшча і яе бяспека, важная дапамога Ўкраіне, якая змагаецца за незалежнасць. Гэтага патрабуе польскі дзяржаўны сэнс, падкрэсліў прэзідэнт.
Свой зварот ён завяршыў словамі: «Няхай жыве свабодная, незалежная і дэмакратычная Украіна! Няхай жыве Польшча!».
Foto: PR/screen