Анджэй Дуда за ўмацаванне НАТА ва Усходняй Еўропе



У Варшаве працягваюцца ўрачыстасці з нагоды інаўгурацыі новага прэзідэнта Польшчы.

У 15.30 Анджэй Дуда прыняў галоўнакамандаванне над войскам.

Падчас сваёй першай прэзідэнцкай прамовы прэзідэнт Польшчы назваў умацаванне польскага войска адным з прыярытэтаў прэзідэнцтва.

Асабліва Анджэй Дуда адзначыў ролю НАТА ва ўмацаванні вайсковай бяспекі Польшчы.

  Неабходныя большыя гарантыі з боку НАТА. І не толькі мы, як Польшча, патрабуем гэтага. Уся Усходняя Еўропа цяпер у цяжкай геапалітычнай сітуацыі. Неабходнае ўмацаванне НАТА ў гэтай частцы Еўропы, а таксама і ў нашай краіне.

Польшча разам з краінамі Балтыі пасля пачатку расейска-украінскага канфлікту звярталіся да саюзнікаў па НАТА з просьбай надаць дадатковыя гарантыі бяспекі гэтым краінам.

Польскія палітыкі не выключаюць, што пры павелічэнні напружанасці ва Усходняй Еўропе на тэрыторыі Польшчы можа быць размешчаная сталая база НАТА.

 Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота twitter.com/prezydentpl