Анджэй Пачобут даслаў ліст з турмы
Арыштаваны па “справе палякаў” Анджэй Пачобут даслаў ліст з турмы. Дзеяч Саюзу палякаў Беларусі і журналіст Анджэй Пачобут з 25 сакавіка знаходзіцца за кратамі.
Яго абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за “распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасці” і “рэабілітацыю нацызму”. Яму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў зняволення.
У сваім лісце на волю, які цытуе Tut.by, Пачобут піша, што чакаў падобных падзей, але ні пра што не шкадуе і рук не апускае: “Пакрысе рыхтуюся да суда, ён абяцае быць вельмі цікавым. Думаю пра тых, каму давялося пабываць у гэтых сценах. Гэта мой любімы пісьменнік Пясецкі, камандзір палка Віленскіх уланаў Дамброўскі (ён памёр на Валадарцы ў 1941-м), ксёндз маёр Банькоўскі і многія іншыя. Калі вядуць па калідорах, спрабую запомніць іх атмасферу, прадставіць, якой яна была ў тыя бязлітасныя часы. Традыцыйна стаўлюся да свайго цяперашняга стану як да камандзіроўкі, вынікам якой будзе артыкул або кніга”.