Анджэй Пачобут: Краіна вельмі змянілася



Сябра Рады незалежнага Саюзу палякаў на Беларусі і журналіст Анджэй Пачобут, які сочыць за сітуацыяй у Беларусі, лічыць, што за 150 дзён пратэстаў у Беларусі адбыліся значныя змены:

– Аляксандр Лукашэнка ўтрымаў уладу ў 2020 годзе, але сітуацыя, якая склалася ў краіне, яна канешне якасна іншая, чым гэта было да прэзідэнцкіх выбараў. Мы маем з аднаго боку бунтоўнае грамадства, апанаваць якое, нягледзячы на вельмі жорсткія рэпрэсіі, рэжым не ў стане. З іншага боку мы маем скансалідаваны рэжым, сілавыя структуры, якія працуюць адпаведна, няма ніякіх прыкметаў таго, што нейкая сілавая структура не выканае загады Аляксандра Лукашэнкі.

Па яго словах, вялікі ўплыў на „сістэму” аказваюць так званыя „злівы” з атачэння Лукашэнкі:

– Для рэжыму такім трывожным момантам з’яўляюцца вось гэтыя злівы інфармацыі пра спецслужбы, пра асобы са спецслужбаў. Бачна, што ўнутры ўсё ж такі нейкія працэсы адбываюцца і гэта трывожны сігнал для рэжыму.

Анджэй Пачобут упэўнены, што такія „злівы” з атачэння Лукашэнкі з’явіліся ледзь не ўпершыню за апошнія 26 год яго панавання.

Беларускае Радыё Рацыя