Анджэй Пачобут: У 2020 рэпрэсіі пачаліся вельмі рана



Былы палітзняволены, журналіст і актывіст Саюза палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут лічыць, што рэпрэсіі ў адносінах да апанентаў Лукашэнкі будуць толькі павялічвацца:

– Заўсёды выбары на Беларусі цягнулі за сабой рэпрэсіі, цягнулі за сабой атмасферу палітычнага запалохвання, дэкларацыі Аляксандра Лукашэнкі, дэкларацыі сілавікоў – гэта абсалютна звыклая сітуацыя. Але што адрозніваецца, гэта на вельмі – вельмі раннім этапе. Пакуль не зарэгістравалі кандыдатаў, а мы ўжо назіраем істэрыку ў выкананні Аляксандра Лукашэнкі – наўпроставыя пагрозы, што будзе так, як у Андзіжане.

На думку журналіста і грамадскага дзеяча, рэпрэсіі працягнуцца:

– Залежыць ад таго, ці запалохае людзей такі ўзровень вербальнай агрэсіі, пакуль што, ці гэта будзе працягвацца. Я думаю, што мы гэта пабачым ужо хутка. З таго, што ведаю, у нядзелю зноў будуць пікеты, па ўсёй краіне будуць збіраць подпісы. У залежнасці ад таго, як людзі зарэагуюць, ці паўторыцца сітуацыя, што будзе шмат людзей, ці ўжо гэтыя прыхільнікі пераменаў ужо аддалі свае подпісы. Справа ў тым, што мы не ведаем, як выглядае сёння беларускае грамадства.

Анджэй Пачобут прастаяў некалькі гадзін пад дажджом у вялікай чарзе, каб пакінуць свой подпіс за Святлану Ціханоўскую.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня