Ангела Меркель: Расейская агрэсія, акрамя Украіны, пагражае Малдове і Грузіі
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель у інтэрв’ю „Welt am Sonntag” абвінаваціла Уладзіміра Пуціна ў палітыцы разлічанай на дэстабілізацыю Усходняй Еўропы. Сярод краін, якім пагражае расейская агрэсія, апроч Украіны, Меркель згадала Малдову і Грузію.
Па словах кіраўніцы нямецкага ўраду, дэстабілізуючы сітуацыю ў гэтых краінах, Масква здольная парушаць тэрытарыяльную цэласнасць згаданых тэрыторый. Меркель нагадала, што ў Грузіі працягваецца «замарожаны канфлікт» па Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. А Украіне прыходзіцца змагацца з анексіяй Крыму і баявымі дзеяннямі на Данбасе. У адказ на дзеянні Расеі Нямеччына ўзмацніла абарону паветранай прасторы Балтыі, ствараючы сілы хуткага рэагавання.
Меркель адхіліла прапановы сваіх папярэднікаў – канцлераў Шміта, Коля і Шрэдэра, якія заклікалі да больш прымірэнчай палітыкі ў дачыненні да Крамля.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота forumdaily.com