Анісім: Шкада, што Лукашэнка пакуль не прасякнуўся беларускасцю



 Выказванне Аляксандра Лукашэнка 1 сакавіка падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” пра адсутнасць неабходнасці ствараць у Беларусі асобны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання сведчыць пра тое, што кіраўнік дзяржавы „пакуль не прасякнуўся беларускасцю”. Такое меркаванне выказала БелаПАН ініцыятар стварэння ВНУ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім.

„Яшчэ раз была абвешчаная пазіцыя аб тым, што ў дзяржаўных СМІ беларускай мовы не дабавіцца, што ўлада не будзе клапаціцца аб стварэнні навучальнай установы з беларускай мовай выкладання, — пракаментавала дэпутат словы Лукашэнкі падчас перапынку ў мерапрыемстве. — Вельмі шкада, што Аляксандр Рыгоравіч пакуль не прасякнуты беларускасцю, ён усё яшчэ лічыць, што руская мова больш развітая, з ёй можна больш у жыцці рэалізавацца. Тым не менш вопыт паказвае, што беларуская мова па жыцці дапамагае, акрыляе, натхняе”.

Анісім выказала надзею на тое, што пазіцыя кіраўніка дзяржавы не народзіць перашкодаў у дзейнасці грамадзян, „якія сёння праводзяць беларускасць штодня ў розныя сферы”, у першую чаргу — грамадскіх ініцыятыў.

Каментуючы абвешчаную Лукашэнкам забарону на святкаванне 25 сакавіка 101-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі на стадыёне „Дынама” ў Менску, Анісім звязала яго з асцярогай негатыўнай рэакцыі з боку „ўсходняга суседа”. Пры гэтым яна звярнула ўвагу на словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што ў краіне адбываецца „пераацэнка каштоўнасцяў” адносна ролі БНР у гісторыі. „Са слоў прэзідэнта становіцца зразумела — яму важна абапірацца на значную частку грамадства, асабліва напярэдадні будучых прэзідэнцкіх выбараў. Яму важна дэманстраваць сваё адзінства са значнай часткай грамадства”, — лічыць парламентарый.

Улетку 2018 года кіраўніцтва ТБМ запусціла сайт беларускамоўнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча і адкрыла некалькі банкаўскіх рахункаў для тых, хто хоча ахвяраваць грошы на развіццё ўстановы. У верасні 2018 года пры ўніверсітэце адкрыліся падрыхтоўчыя курсы. У першы набор увайшлі прыкладна 70 дарослых і падлеткаў. Праходзяць заняткі па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, беларускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах. Навучанне вядзецца па-беларуску. Слухачы плацяць 200 рублёў за 72 гадзіны навучання і могуць выбраць тры прадметы.

Выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ ганаровы старшыня ТБМ гісторык Алег Трусаў 4 лютага паведаміў БелаПАН, што рэктарат Універсітэта імя Ніла Гілевіча на некалькі месяцаў адклаў спробу атрымаць у Міністэрстве адукацыі ліцэнзію. Кіраўніцтва ўніверсітэта меркавала ў пачатку лютага падаць у Мінадукацыі дакументы на атрыманне ліцэнзіі для падрыхтоўкі студэнтаў па шасці спецыяльнасцях: камп’ютарныя тэхналогіі ў сферы культуры і адукацыі; ахова помнікаў культуры, гістарычнай спадчыны, турызм; паланістыка; германістыка; мастацкі пераклад; урбаністыка.

belapan.by