Анісім: Усё залежыць ад згуртаванасці патрыятычных сіл Беларусі
Cітуацыя з беларускай мовай у краіне складаная, але не дае падставаў упасці у нейкую роспач, адзначыла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.
Пры гэтым яна звярнула ўвагу на небяспеку заяваў з боку Расеі пра дэскрымінацыю расейскай мовы на Беларусі.
– Усё пачынаецца са слоў. У пачатку ж было слова… Было сказана адносна таго, дзе гучыць руская мова, там пануе “Русский мир”, а значыць, гэта тэрыторыя прамых інтарэсаў сённяшняй Расеі. Гэта недружалюбная палітыка, канешне. Яе можна расцэньваць як умоўна варожую палітыку ў дачыненні да Беларусі. І прамую прэтэнзію на тэрыторыю.
Ва Украіне прыняты закон “Аб дзяржаўнай мове”, дэпутатка пракаментавала, ці патрэбна ў Беларусі прыняцце такога закону, каб сітуацыя з беларускай мовай палепшылася.
– Сітуацыя будзе такой, якой яна будзе, зусім незалежна ад закону. У нас ёсць шмат законаў, якія дазваляюць карыстацца штодня беларускай мовай, і не абавязваюць карыстацца рускай мовай. Усё залежыць ад таго, наколькі баявымі, згуртаванымі будуць патрыятычныя сілы на Беларусі. Наколькі яны будуць разам супольна адстойваць права і дзяцей на навучанне па-беларуску, і на тое, як яны будуць адстойваць сваё права атрымліваць інфармацыю на беларускай мове.
Бачачы адносіны сённяшняй улады да беларускай мовы, ТБМ уласнымі сіламі стварае беларускамоўны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Зараз шукаюцца выкладчыкі, якія могуць напісаць комплексы, што заменяць падручнікі для навучання ва ўніверсітэце. Дастатковай колькасці падручнікаў на беларускай мове па спецыяльнасцях, якія прадстаўлены ва ўніверсітэце, у Беларусі не існуе.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя