Алена Анісім знялася з выбараў



30 чэрвеня а 18-й гадзіне ў менскай сядзібе ТБМ адбылася прэс-канферэнцыя Алены Анісім. У ёй узялі ўдзел старшыня ТБМ Алег Трусаў, а таксама экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. Алена Анісім афіцыйна абвясціла пра выхад з прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Яна сказала, што гэта рашэнне было прынятае супольна прыхільнікамі яе вылучэння кандыдатам у прэзідэнты «з-за адсутнасці канкрэтных зменаў у выбарчым працэсе».

Кажа Алена Анісім:

 – Усё ж такі хацелася б, каб нашая апазіцыя зрабіла выснову з усёй сваёй 20-гадовай дзейнасці і выходзіла з выразнай стратэгіяй і адзіным планам дзеяння. Бо толькі тады, калі ты маеш выразную стратэгію, выразна абазначаеш мэты і ідзеш адзінай камандай – тады ты можаш дамагчыся рэальных поспехаў. Калі адбываюцца крокі ўлева, крокі ўправа, уперад, назад, то гэта, прабачце, не прыводзіць да канкрэтных вынікаў.

Аднак Алена Анісім і яе ініцыятыўная група не спыняюць сваю працу і будуць рыхтавацца да ўдзелу ў выбарах 2020 году.

Беларускае Радыё Рацыя