Андрэй Ягораў: У Беларусі дзяржава ніколі не выйграе ў вайне з грамадствам
4 кастрычніка споўнілася 2-ы месяцы, як філосафа Уладзіміра Мацкевіча затрымалі пасля вобшуку ў доме ў межах крымінальнай справы. На сёння Мацкевіч з’яўляецца адным з 722 палітвязняў Беларусі. Філосаф, які паслядоўна крытыкаваў уладу ў Беларусі, вядомы яшчэ тым, што ў 2005 годзе правёў арганізацыйна-дзейнасную гульню «Распрацоўка пераможнай стратэгіі для Беларусі: сцэніраванне, праектаванне і праграмаванне».
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з Госцем Рацыі, актыўным удзельнікам той гульні-стратэгіі, беларускім палітолагам Андрэем Ягоравым пра тое, ці змаглі палітолагі 15 год назад прадказаць крызіс у Беларусі 2020 года і якія шляхі выйсця з сітуацыі маюцца ў сучасных варунках рэжыму ў Беларусі.
РР: На вашай старонцы ў фэйсбуку ёсць шмат допісаў пра лёс Уладзіміра Мацкевіча, беларускага філосафа. Што цяпер вядома з яго становішчам і якія пытанні ўздымаліся на Кангрэсе сёлета? Ці была нейкая асобная панэль ці сесія аб пытанні пра свабоду філосафа і яго думках наконт Беларусі?
Андрэй Ягораў: Зараз ён, як і раней, знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Там працягваецца нібыта следства, але ніякіх следчых дзеянняў з ім не праводзілі. Ужо якраз прайшло два месяцы з моманту яго затрымання, і таму яны мусяць неяк вырашыць меру стрымання: альбо працягнуць, альбо ў суд накіроўваць. Але нічога пакуль што не адбываецца. Думаю, што хутчэй за ўсё прагноз негатыўны, і яны будуць працягваць затрыманне пад вартай.
На Кангрэсе асобнай панэлі не было, але Мацкевіч прысутнічаў там праз кампанію “Салідарнасць”. Мы там распаўсюджвалі адну з яго апошніх кніг “Глабальнае пацяпленне”, напісаную пасля халоднай вайны і перад пачаткам рэвалюцыі, прысвечанай адной з галоўных тэмаў Кангрэсу пра рэформы ў Беларусі, як яны магчымыя. Таму можна сказаць, што інтэлектуальная прысутнасць Мацкевіча там была. І таксама мы там, карыстаючыся магчымасцю, казалі пра Мацкевіча, пра рэаліі, пад лістом падтрымкі збіралі подпісы, да яго, дарэчы, можна далучацца.
РР: У 2005 годзе вы ўдзельнічалі ў гульні-распрацоўцы Пераможнай стратэгіі для Беларусі. Ці ўсё было ўлічана ў той час, ці чакалі вы такіх вынікаў? І тое, што зараз здарылася ў Беларусі, было прагназуема ўвогуле?
Андрэй Ягораў: У пэўным сэнсе так. Пасля гульні 2005 года адна з асноўных высноваў было тое, што калі змены не наступяць у 2006-ым годзе, то яны тады будуць адкладзеныя на доўгія гады наперад, то бок гэта зойме 15-20, а, магчыма, больш гадоў, каб змены ў Беларусі адбыліся. Адна з такіх важных высноў была, што мусіла матываваць у тым ліку грамадзянскую супольнасць і палітычныя партыі да аб’яднаных дзеянняў у 2006 годзе, разуменне той сітуацыі, якая была дасягнутая падчас гэтай стратэгічнай гульні. Здарылася як здарылася, але вось гэта адбылося ў рэальнасці. І вось у 2020 годзе мы мелі нешта падобнае на сітуацыю пачатку нейкага новага зруху. Рэальныя змены могуць адбыцца пазней, хоць падаецца, што яны ўжо непазбежныя. Такая гульня, якая была тады, вельмі важная і зараз, таму што сітуацыя 2020 года ў пачатку рэвалюцыі змяняе тую сітуацыю і непрадказальна будзе развівацца.
Сённяшняя характарыстыка гэтай сітуацыі ў тым, што ніводны чалавек, ніводная палітычная сіла, беларускі інтэлектуал фактычна не ведаюць, як гэтая сітуацыя будзе развівацца. І адпаведна складана вызначаць свае стратэгічныя кірункі працы. Такая стратэгічная гульня вельмі карысная для ўсіх.
РР: Усё ж такі грамадства ў Беларусі мацней за палітыку, яно выжыве насуперак усяму?
Андрэй Ягораў: Ніводная дзяржава не выйгравала вайну супраць грамадства. Ніводнай сітуацыі ў свеце не было, каб народ, які супраціўляўся, быў пераможаны. Калі беларусы будуць супраціўляцца і гэты супраціў будзе рашучы, то мы непазбежна пераможам, таму што вайну супраць грамадства не выйграюць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Андрэя Ягорава