“Аншлюса Беларусі не адбудзецца”



У гэтым упэўнены кіраўнікі Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі і Валянцін Лазарэнкаў.

І. М.: Суверэнітэт – гэта найвышэйшая каштоўнасць. Яна гарантуецца нашай Канстытуцыяй, нашай дзяржавай. Яго павінны абараняць нашыя армія, міліцыя і органы дзяржбяспекі і, безумоўна, разам з усімі грамадзянамі. Калі ўзяць сучасныя рэйтынгі, дык абсалютная большасць грамадзян выступае за захаванне суверэнітэту. І гэта самае галоўнае. З гэтай прычыны, я лічу, што наша праца павінна быць не ў нейкіх там пустых заявах (дарэчы, наша партыя іх робіць амаль штомесяц). Лічу, што ад гэтых заяў ніякага толку няма. Іх там амаль ніхто не чытае. А праца ў тым, каб распаўсюджваць на самым ніжнім узроўні, сярод простых людзей, менавіта каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту. Каб самы звычайны грамадзянін зразумеў гэта і стаў успрымаць іх як самую высокую каштоўнасць.

І наша вось акцыя па Берасцейскай крэпасці, калі мы спынілі распаўсюджванне надпісаў сталінскай эпохі, я лічу, гэта ёсць найважнейшы ўклад у развіццё нашай незалежнасці. Ці мы, напрыклад, у мінулым годзе ў Берасці спынілі распаўсюд расейскіх сцяжкоў у дзяржаўным транспарце. Ці, напрыклад, наша маладзёвая зборная Берасця па хакеі выступала за мяжой у расейскай форме. Таксама цяпер яна больш не выступае, бо мы зрабілі пэўныя захады, напісалі звароты, яна выступае зараз у беларускай форме. Вось гэтыя тры важнейшыя рэчы, якія мы зрабілі для распаўсюду каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

В.Л.: У самой праграме партыі і ва ўстаўных нормах прапісана барацьба за незалежнасць як асноўны фрагмент нашай ідэі. І агучваем ідэю незалежнасці нават тымі сродкамі, якія дзяржава на сённяшні дзень вельмі не пажадала нам даваць. Калі мы ідзем кандыдатамі на ўсе выбары, якія ёсць – ад мясцовых да парламенцкіх – то абавязкова агучваецца тэматыка незалежнасці і суверэнітэту праз даступныя людзям параўнанні. Напрыклад, гаворым, што трэба жыць асобнай краінай. Бо гэта як свой дом. “Дзе вам будзе лепш, – кажам людзям, – у сваім доме ці ў суседа, пад дыктоўку суседа?”Людзі добра разумеюць сказанае і не сумняюся, што кожны з нашых субяседнікаў выбірае свой дом.

Р.Р.: То бок такой зразумелай мовай вы агучваеце ідэю незалежнасці пад час выбарчых кампаній?

В.Л.: Так. Усё гэта працягваецца няхай не доўгім часам, але мы маем хаця б 5 хвілін тэлебачання, мы маем дзяржаўныя мясцовыя газеты. Яны вымушаны друкаваць і вымушаны даваць нам гэты час. Калі мы не ідзем на выбары, атрымаць гэтага практычна немагчыма.

І.М.: І практыка паказвае, што любыя выбары могуць скончыцца зменай улады. У многіх краінах так адбывалася праз тыдзень-два, месяц. Як было ў Грузіі, Украіне, іншых краінах. У выніку пасля выбараў мянялася ўлада.

В.Л.: Наша абласная арганізацыя мае найбольшы ўдзел у выбарчай кампаніі. І праблема вельмі простая: штрафаў не плаціць, у турмах не сядзець хаця б тры месяцы ў год. Таму што мы маем юрыдычны статус, мы маем магчымасць сустракацца з людзьмі ў рамках нават таго заканадаўства, дзе выбараў няма. Сустракацца з людзьмі ў любым месцы, пад сваімі сцягамі, друкаваць улёткі, выступаць перад людзьмі з любымі прапановамі, размаўляць з людзьмі мовай людзей. Разумеюць яны ці не разумеюць, мы сустракаемся. Калі мы не сустракаемся, не ідзем на выбары, дзе такую магчымасць мы яшчэ атрымаем.

Р.Р.: Мы трошкі ўхіліліся ад нашай тэмы размовы. Некаторыя лічаць, што ўдзелам апазіцыі ў выбарах легітымізуецца ўлада, якая зараз гандлюе нашай незалежнасцю. Ці лічыце вы Лукашэнка гарантам незалежнасці?

І.М.: Па Канстытуцыі Лукашэнка – гарант нашай незалежнасці. Калі не будзе Беларусі, то Лукашэнка не будзе прэзідэнтам, а ў лепшым выпадку будзе губернатарам ці мэрам г. Менска. Вось кім будзе Лукашэнка. Зыходзячы толькі з беларускай Канстытуцыі, я лічу, што ён як кіраўнік нашай краіны – ёсць гарант незалежнасці. У яго падпарадкаванні знаходзяцца войскі, якія павінны абараняць Беларусь, у яго падпарадкаванні спецслужбы, якія павінны праводзіць усе мерапрыемствы, каб захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць краіны. У гэтым выпадку ён і ёсць гарант.

В.Л.: Пытанне не вельмі простае. Ці былі гарантамі прадстаўнікі БНР? Якія там гаранты. Ці былі прадстаўнікі БССР гарантамі? Сумняюся. Сёння, як бы ні было, 24 гады суб’ект Беларусь існуе на міжнародным узроўні. І гэта, канешне, вельмі важна. Больш таго, гэта разумеюць і нашы заходнія сябры. Бо ўсходніх сёння сябрамі вельмі складана называць. Выпадак, які здарыўся ва Украіне, ніхто не гарантуе, што такое не здарыцца ў Беларусі. Сёння такі час. І мы павінны думаць пра тое, што гэта магчыма. І прымаць меры, каб гэтага не было. Спадзяюся, што Лукашэнка ў гэтым плане мысліць, як я мыслю. А навошта ісці ў нейкі саюз. Калі ёсць грошы ў яго, ёсць улада ў яго, і ёсць народ, які ён эксплуатуе і абманвае. Так атрымалася, што гэтая задача, абарона суверэнітэту, у нас агульная. Але, калі мы кажам пра дэмакратыю і народаўладдзе, то тут ён ніякі не гарант. Ён не выконвае заканадаўства.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя