Антыфашысцкі законапраект МУС прайшоў узгадненне
Антыфашысцкі законапраект, распрацаваны МУС Беларусі, прайшоў унутрыдзяржаўнае ўзгадненне, паведаміў у інтэрв’ю праграме „Буйным планам” тэлеканала „Беларусь 1”, паказаным вечарам 1 снежня, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
„Праект прайшоў унутрыдзяржаўнае ўзгадненне, знаходзіцца ў Савеце міністраў. Я думаю, што на бліжэйшай сесіі (парламента) ён будзе разгледжаны”, — сказаў кіраўнік МУС.
Гаворка ідзе пра законапраект, які зробіць больш жорсткай адказнасць за публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі, за татуіроўкі ў выглядзе свастыкі і нацыянал-сацыялістычнае вітанне.
„Мы лічым, што гэта праява вельмі супрацьпраўных паводзін. Свядомая і наўмысная. Міністэрства ўнутраных спраў фіксуе цэлы шэраг злачынных дзеянняў, звязаных з такімі праявамі. Як правіла, дэманстрацыя альбо наяўнасць гэтай сімволікі суправаджаецца іншымі супрацьпраўнымі дзеяннямі, цяжкімі злачынствамі”, — адзначыў міністр унутраных спраў.
Ён спадзяецца, што тату-салоны ў выпадку нанясення у іх нацысцкай сімволікі будуць несці за гэта адказнасць.