Антыканстытуцыйных перамоў быць не павінна



Дэпутаты Вярхоўнага савету 12-га склікання, у 1991-м годзе прысвоілі Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР статус канстытуцыйнага закона, заклікалі ўлады спыніць перамовы аб інтэграцыі з Расеяй. У звароце, тэкст якога перадаў БелаПАН намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ былы дэпутат Юрась Беленькі, сцвярджаецца, што падрыхтоўка дакументаў аб інтэграцыі з’яўляецца «расейскім планам анексіі і паглынання нашай краіны».

У сваю чаргу старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў перасцерагае перад пагрозай паступовай страты незалежнасці Беларусі:

– Цалкам верагодна, што беларускае кіраўніцтва пры падпісанні вось гэтых новых дамоваў пойдзе на значна вялікія саступкі Крамлю ў плане перадачы суверэнітэту, незалежнасці нашай краіны. Канешне, гэта не будзе перадача суверэнітэту ў адзін дзень. Гэта будзе паступовая перадача, не толькі ў эканамічным плане, але і ў палітычным.

«Такія дзеянні з боку цяперашняй улады ў Беларусі антыканстытуцыйныя і незаконныя, супярэчаць нацыянальным інтарэсам нашага народа. Антыканстытуцыйных перамоў быць не павінна. Усялякія рашэнні такіх перамоў не будуць мець юрыдычнай сілы і кваліфікуюцца як антыканстытуцыйная змова», – заяўляюць дэпутаты. Заяву падпісалі дэпутаты Вярхоўнага савета 12-га склікання Зянон Пазняк, Юры Беленькі, Сяргей Антончык, Сяргей Папкоў, Пётр Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Мікола Крыжаноўскі, Анатоль Лябедзька, а таксама актывісты і кіраўнікі апазіцыйных партый і рухаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя