Анжаліка Борыс: „Белсат” патрэбны грамадзянам Беларусі
„Ліквідацыя „Белсата” выклікае перш за ўсё страту даверу да Польшчы з боку беларусаў і не толькі”, – так пра планы польскага ўраду выказалася Анжаліка Борыс.
Старшыня Саюза палякаў на Беларусі разам са Святланай Алексіевіч, Алесем Бяляцкім, Аляксандрам Мілінкевічам і Уладзімірам Някляевым падпісала петыцыю ў абарону тэлеканала „Белсат” на імя прэзідэнта і прэм’ера Польшчы:
Паводле Анжалікі Борыс, ліквідацыя адзінага незалежнага беларускамоўнага тэлеканала стане вялікай стратай:
– Столькі высілкаў было аддадзена, каб стварыць гэта тэлебачанне. 10 гадоў яно існавала, і сёння яго ў пэўным сэнсе зліквідаваць – гэта проста вялікая страта. Гэта перш за ўсё страта даверу да Польшчы і ўжо не толькі з боку грамадзян Беларусі.
Як дадае старшыня Саюза палякаў на Беларусі, „Белсат” з’яўляецца крыніцай незалежнай інфармацыі таксама для польскай меншасці ў Беларусі:
– „Белсат” патрэбны грамадзянам Беларусі, патрэбны таксама палякам. На “Белсаце” кожныя два тыдні ідзе праграма пра польскую меншасць у Беларусі. “Белсат” – гэта незалежнае тэлебачанне, якое разбурае манаполію расейскай прапаганды.
Нядаўна міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі агучыў у інтэрв’ю выданню Wpolityce.pl, што ўрад замест тэлеканала „Белсат” плануе стварыць адзіны канал вяшчання для палякаў замежжа.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя