Анжаліка Жалезнякова: На Вярхоўны суд асабліва не разлічваю
Анжаліка Жалезнякова, чыю ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, распавяла пра тое, чаму вырашыла абскардзіць рашэнне Цэнтрвыбаркама.
Нагадаем, што Цэнтрвыбаркам 15 траўня адмовіў у рэгістрацыі васьмі ініцыятыўным групам «кандыдатаў пратэсту» палітыка Мікалая Статкевіча. У тым ліку не была зарэгістраваная ініцыятыўныя група і Анжалікі Жалезняковай.
Анжаліка Жалезнякова: Варыянт нерэгістрацыі мы, безумоўна, таксама разглядалі, хаця ўсё-такі спадзяваліся, што не будуць «рэзаць» на першым этапе. Мы дзесяць разоў пераправяралі нашу ініцыятыўную групу, у якой 554 чалавекі, і ва ўсіх людзях былі ўпэўнены. Таму гэта ўжо звышнахабнасць.
РР: Якая афіцыйная нагода для адмовы?
Анжаліка Жалезнякова: Маўляў, наша група несапраўдная, запісалі ў яе людзей, якія насамрэч нікуды не запісваліся.
Але я думаю, што гэта боязь улады. І, ведаеце, асабіста мне нерэгістрацыя моцна настрой не сапсавала, бо людзі ў прамым эфіры маглі пабачыць, як усё адбывалася. Народ у нас адукаваны – усе зразумелі. Да таго ж, ініцыятыўныя групы некаторых іншых людзей з нашай камандай усё-такі зарэгістравалі, таму далучымся і будзем выкарыстоўваць кампанію ў сваіх мэтах.
РР: Што зараз?
Анжаліка Жалезнякова: Мы падалі скаргу ў Вярхоўны суд, хаця я на яго асабліва не разлічваю. Людзі напісалі заявы, што парушаны іх правы, усё гэта атрымае інфармацыйную падтрымку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com