Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту
Старшыню Саюза палякаў у Беларусі, непрызнанага беларускімі ўладамі, Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Яе асудзілі за несанкцыянаванае правядзенне традыцыйнага свята Казюкі (артыкул 24.23 КаАП). Справу разглядаў суддзя Руслан Гурын. Сведкамі выступілі міліцыянты.
Казюкі, як і штогод, праводзілі ва ўнутраным дворыку будынка польскага консульства.
Анжаліку Борыс затрымалі напярэдадні ўвечары 23 сакавіка і адвезлі на допыт у РАУС Ленінскага раёну Гародні. З будынка РАУС яна ўжо не выйшла, на ноч яе пакінулі ў ізалятары.
Рашучы пратэст у сувязі з пераследам польскай нацыянальнай меншасці і старшыні яе найбуйнейшай арганізацыі выказала польскае МЗС, прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча будзе дзейнічаць у вырашэнні гэтага пытання. Таксама справай заняліся ў канцылярыі прэзідэнта РП.
Беларускае Радыё Рацыя