Разгляд справы Анжалікі Борыс у Камітэце дзяржкантролю перанесены на 12 сакавіка (абноўлена)



Анжаліка Борыс сёння была выклікана да следчага у Гарадзенскі камітэт дзяржкантролю. Старшыню Галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў больш дзвюх гадзін чакала размовы са следчым. Аднак пасля дзвюх гадзінаў следчы выйшаў і паведаміў Борыс, што разгляд справы перанесены на чацвер 12 сакавіка. Па словах Анжалікі Борыс, яна не ведае, якое рашэнне могуць прыняць у камітэце дзяржкантролю. Па словах Борыс, улады спрабуюць абвінаваціць прадстаўнікоў Саюзу палякаў у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

– Вельмі цяжка знайсці логіку ва ўсіх гэтых дзеяннях. Таму што яны ўсе палітычна матываваныя. І напэўна, я думаю, што гэты следчы не прымае ніякага рашэння. Гэтыя рашэнні будуць з’яўляцца ў Менску, што і як, куды і ў які бок гэта накіраваць, і з чым гэта звязаць.

У Беларусі на дадзены момант дзейнічаюць два Саюзы палякаў. Дзяржаўнай арганізацыяй кіруе Мечыслаў Лысы, а другой, непрызнанай дзяржавай, – Мечыслаў Яскевіч.

* * *

Супраць старшыні Галоўнай Рады непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі Анжалікі Борыс можа быць пачата крымінальная справа паводле артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (пазазаконная арганізацыя і ўдзел у дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання). Паводле дадзенага артыкула, пакаранне за парушэнне заканадаўства прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 2 гадоў.

Сёння, 9 сакавіка, яе выклікалі ва Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага канктролю па Гарадзенскай вобласці. Раней Анжаліка Борыс назвала  захады праваахоўнікаў пераследам польскай нацыянальнай меншасці.

* * *

У панядзелак 9 сакавіка старшыня Галоўнай Рады непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс павінна з’явіцца на чарговае праслухоўванне ва Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага канктролю па Гарадзенскай вобласці.

Папярэдні выклік Анжалікі Борыс адбыўся 27 лютага бягучага года. Падчас больш як 2-гадзіннай размовы старшы інспектар органаў унутраных спраў Ханько выказаў меркаванне, што Анжаліка Борыс і яе паплечнікі дзейнічаюць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, якой, на думку следчага, з’яўляецца Саюз палякаў.

У сваю чаргу Анжаліка Борыс лічыць захады праваахоўнікаў пераследам польскай нацыянальнай меншасці:

– Каб захаваць сваю ўладу, Лукашэнка будзе рабіць усё магчымае, каб зачысціць поле грамадскіх свабод ў Беларусі .

Анжаліка Борыс не выключае, што супраць яе можа быць пачата крымінальная справа паводле артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (пазазаконная арганізацыя і ўдзел у дзейнасці грамадскага аб’яднання). Паводле дадзенага артыкула, пакаранне за парушэнне заканадаўства прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 2-х гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня