Апазіцыі не даюць шанцаў трапіць ва ўладу



З менскіх сяброў «Руху «За Свабоду» нікога кандыдатамі ў Менскай вобласці не зарэгістравалі.

Пра гэта распавёў лідар руху Юрась Губарэвіч, які таксама вылучаўся ў дэпутаты і атрымаў адмову, бо як мяркуе, мог скласці непатрэбную канкурэнцыю старшыні праўладнай арганізацыі «Белая Русь», былому гендырэктару беларускага тэлебачання Генадзю Давыдзьку.

– Я перакананы, што такое рашэнне дыктавалася перадусім жаданнем пазбавіцца ад людзей, якія маюць досвед працы па мясцовай праблематыцы, якія вядомыя і маюць аўтарытэт сярод выбарцаў. І, адпаведна, скарысталі б гэты месяц агітацыйнай кампаніі, каб дасягнуць пэўных поспехаў па тых праблемных пытаннях, па якіх яны ўжо не першы месяц працуюць. Таксама пэўную магчымасць дадавала выбарчым камісіям тое, што Рух “За Свабоду” не з’яўляецца палітычнай партыяй. І пераважная большасць нашых вылучэнцаў, якія не былі зарэгістраваныя, ішлі зборам подпісаў. Вось гэтыя прычыны нерэгістрацыі.

Па словах Юрыя Губарэвіча, нават нармальна скласці скаргу на рашэнне камісіі яму не далі магчымасці:

– Пазбавілі мяне магчымасці правесці праверку, бо калі я атрымліваў рашэнне камісіі і запытаў копіі тых аркушаў, якія правярала камісія, каб яны мне далі магчымасць перад падачай скаргі папрацаваць з выбарцамі, запытаць ці насамрэч тут ёсць нейкія памылкі, то камісія  адмовіла мне ў прадастаўленні копій.  

Паводле Юрыя Губарэвіча, за межамі сталіцы многія з актывістаў «Руху«За Свабоду» ўсё ж атрымалі рэгістрацыю. Вядома, што зарэгістраваныя Ілля Дабратвор ў Лагойску, Вольга Дамаскіна ў Наваполацку, Яўген Дудкін у Гародні, Вітольд Ашурак ў Лідзе, Дзятлаве і Бярозаўцы. Усе яны вылучаліся зборам подпісаў. Усяго зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты 21 сябра «Руху „За Свабоду». Сам старшыня руху працягне ўдзел у выбарчай кампаніі праз працу ў якасці даверанай асобы кандыдатаў, што дае магчымасці яму ў тым ліку выступаць па тэлебачанні.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя