Апазіцыйныя палітыкі патрабуюць ад Генпракурора тлумачэнняў
Апазіцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч накіравалі заяву генеральнаму пракурору Беларусі па факце незаконнага праслухоўвання, паведамляе прэс-служба Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Анатоль Лябедзька сцвярджае, што 16 кастрычніка падчас сустрэчы з Уладзімірам Някляевым у кавярні «Салодкі фальварак» на плошчы Перамогі выявіў у сурвэтніцы «жучок» для праслухоўвання і запіса размовы.
У сваёй заяве палітыкі патрабуюць адказаць, ці давала Генеральная пракуратура санкцыю на праслухоўванне іх тэлефонаў і прыватных размоваў КДБ, Следчаму камітэту або іншым беларускім ведамствам або спецслужбам. Калі санкцыя давалася, палітыкі патрабуюць патлумачыць, на якіх падставах і ў адпаведнасці з якімі прававымі нормамі. Калі ж санкцыя не давалася, палітыкі патрабуюць неадкладна распачаць крымінальную справу па факце незаконнага праслухоўвання іх тэлефонаў і размоў.