Апазіцыя абмеркавала акцыю пратэста 20 снежня
У офісе сацыял-дэмакратаў сабраліся прадстаўнікі амаль усіх апазіцыйных партый і рухаў, а таксама беспартыйныя грамадскія дзеячы. Абмяркоўваўся фармат будучай акцыі пратэсту і доўгатэрміновая стратэгія на 2020 год.
На сходзе ў прыватнасці вырашылі:
– Сабрацца яшчэ ў вузкім фармаце 14 снежня і 18 снежня.
– Распачаць кампанію «Беларусь лепшая» і публікаваць раз у месяц 30 фактаў пра тое, чаму Беларусь лепшая за Расею.
– Дазволіць людзям прыходзіць з чырвона-зялёнымі сцягамі і дзяржаўнай сімволікай.
– Правесці Кангрэс у абарону незалежнасці ў 2020 годзе.
– Дамагчыся прыёму ў прэмʼер-міністра Сяргея Румаса і іншых высокіх чыноўнікаў.
– Правесці акцыі за незалежнасць у рэгіёнах.
– Запрасіць на акцыі за незалежнасць «Белую Русь», БРСМ ды іншыя прадзяржаўныя структуры.
Некаторыя прапановы выклікалі вострае абмеркаваньне і так і не былі ў выніку прынятыя. Гэта найперш тычылася пытання пра згадкі прозвішча кіраўніка краіны, а таксама выкарыстання плакатаў з абразлівым для расейцаў зместам.
Што датычыць акцыі 20 снежня, то яе фармат канчаткова вызначаць 14 снежня. Удзельнікі сустрэчы адмовіліся пераносіць яе з Кастрычніцкай плошчы ў іншае месца і вырашылі распрацаваць план „Б” на выпадак разгону ўдзельнікаў і затрымання апазіцыйных лідараў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org