„Апазіцыя аб’яднаецца пасля чарговых фальсіфікацый на выбарах”



Сустаршыні стваранай партыі  “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец не супраць Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сіл. Сябры партыі прымуць удзел у кангрэсе. Але, як заўважае Рымашэўскі, рэальна апазіцыя аб’яднаецца толькі пасля 11-га верасня – на сумесных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацый на будучых парламенцкіх выбарах:

– Правядзенне супольных масавых акцый, як вы бачыце, у Менску, у прынцыпе, праходзяць салідарна. І мы падтрымліваем любые акцыі, хто б іх не ініцыяваў. І я думаю, трэба ісці гэтым шляхам. Акцыі пратэсту пасля выбарчых кампаній таксама трэба каардынаваць. Ёсць вялікія шанцы, каб пасля 11 верасня беларускія дэмакратычныя сілы былі нашмат большыя аб’яднанымі, прычым не на словах, а на справах.

Пакуль жа дэмакратычная супольнасць не спяшаецца стаць адзінай сілай. 15 траўня каля помніка Янкі Купалы ў Менску плануецца Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сіл. Яго галоўная мэта – кансалідацыя апазіцыі. Аднак ужо на самым пачатку не ўсе апазіцыйныя сілы падтрымалі правядзенне кангрэсу. Рэальна апазіцыя – пакуль разрозненая.

Беларускае Радыё Рацыя