Апазіцыя аб’ядноўваецца вакол Мікалая Статкевіча
Вакол вылучэння Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты аб’ядноўваецца беларуская апазіцыя. Такога меркавання прытрымліваецца старшыня Руху Салідарнасці „Разам”.
Як адзначае Вячаслаў Сіўчык, у склад ініцыятыўнай групы зняволенага Статкевіча ўваходзяць палітыкі і актывісты самых розных поглядаў і накірункаў:
– На сённяшні момант у ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча ўваходзяць прадстаўнікі розных палітычных поглядаў. Тут практычна ўвесь нармальны еўрапейскі спектр, там ёсць і лібералы, і кансерватары, і дэмакраты, і сацыял-дэмакраты, і хрысціянскія дэмакраты і нацыяналісты – гэта тое, што патрабаваў даўным-даўно беларускі народ. У цяжкіх умовах, у якіх апынулася Беларусь, гэтая аб’яднаная апазіцыя пад канкрэтную справу і стварылася.
Ініцыятыўная група па вылучэнні палітвязня Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты працягвае збор дадзеных. Спісы актывісты збіраюцца перадаць у Цэнтральную выбарчую камісію.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
