Апазіцыя: Акцыі пратэсту павінны быць арганізаваныя



Парламенцкая кампанія – 2016. Апазіцыя ўжо рыхтуе пратэсты. Акцыі могуць адбыцца напярэдадні даты галасавання і пасля яе. Пра тое гаворыцца ў пагадненні, якое падпісалі прадстаўнікі 11 партыяў, рухаў і структураў. У ліку падпісантаў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

– Мы будзем каардынаваць акцыі, і прынамсі, нават не чакаючы 12 верасня, і ў рэгіёнах, і ў горадзе Менску. Мы ўжо запланавалі і пачалі абмяркоўваць фармат правядзення пратэстных акцый, але пакуль не будзем анансаваць, бо яшчэ няма дамоўленасці пра дэталёвыя планы, пра даты, час і месца правядзення.

У дакуменце наконт каардынацыі дзеянняў апазіцыі ў прыватнасці зазначаецца, што публічна агучваць узгоднены план пратэстнай акцыі варта не пазней, чым за тыдзень да яе правядзення.

Да пагаднення далучыўся і незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці ў асобе свайго старшыні Генадзя Фядыніча.

– Такую акцыю трэба рыхтаваць. Можна шмат гаварыць пра плошчу, пра другія мерапрыемствы. Самыя маленькія ў рэгіёнах, самая вялікая ў сталіцы – усе яны павінны быць дэталёва прапрацаваныя, для таго, калі іх рабіць, то рабіць шчыра, адкрыта, супольна і масава.

Таксама апазіцыйныя структуры дамовіліся пра супольныя пікеты падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, сумесныя сустрэчы з выбаршчыкамі і дэбаты на дзяржаўнай тэлевізіі. Да 1 верасня ўдзельнікі пагаднення мусяць дамовіцца і пра супольнае назіранне за падлікам галасоў, каб ахапіць максімальную колькасць выбачых участкаў.

Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя