Апазіцыя дамаўляецца наконт правядзення кангрэса
Беларуская апазіцыя не выключае, што кангрэс дэмакратычных сілаў можа прайсці да канца гэтага года. Сярод асноўных пытанняў адзначаецца абранне адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
Пры гэтым, на думку лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, варта канцэнтравацца не на адзіным кандыдаце, а найперш – на правядзенні свабодных і сумленных выбараў:
– Калі не мяняюцца правілы і практыка, то хутчэй за ўсё мы пройдзем па колу, па якім мы хадзілі раней, і ў 2001, і ў 2006, і ў 2010 гадах. Таму я хацеў бы падкрэсліць, што надзвычай важныя ўсё ж такі свабодныя, сумленныя выбары. Другое, вельмі важна ўсё ж такі, з’явіцца лідар пераменаў ці адзіны кандыдат, бо розніца паміж першым і другім істотная.
Адзіны кандыдат – гэта вынік пэўнага кампрамісу, у той час як лідар пераменаў з’яўляецца тады, калі з’яўляецца велізарная колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу, адзначае палітык. Адносна дамоўленасцяў апазіцыі ён кажа, што апошнія крокі ў гэтым працэсе заўсёды няпростыя:
– Калі ў верасні мы пройдзем гэтыя некалькі крокаў, якія засталіся, то верагоднасць кангрэса вельмі вялікая, ці напрыканцы гэтага года, ці хутчэй за ўсё на пачатку наступнага года. Больш таго, я думаю, што было б вельмі важна, каб гэта быў кангрэс у парадку якога першым пунктам стаяў суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а другім пунктам стратэгія прэзідэнцкай кампаніі і хто ёсць галоўны спікер гэтай кампаніі.
Чарговыя кансультацыі ў гэтым пытанні пройдуць 19-га верасня. Удзел у іх бярэ сем структураў: партыі БХД, ПБНФ і АГП, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, БСДП (Грамада), Рух “За Свабоду” і кампанія “Гавары праўду”.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя