Апазіцыя не трапіла ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі
У Гародні завершылася фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Яго праводзілі на сумесным паседжанні гарадзенскага аблвыканкама з прэзідыумам абласнога савета дэпутатаў. Падобнае паседжанне прайшло і на гарадскім роўні. Ніводны з прадстаўнікоў дэмакратычных альбо апазіцыйных арганізацыяў туды не быў уключаны. Кажа прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель.
– Па часе паседжанне было 25 хвілінаў. У гэтым розніца з мінулымі выбарамі, дзе хутчэй усё гэта разглядалася. Вылучаліся прадстаўнікі абласной структуры АГП і партыі левых “Справядлівы Свет”, але іх не ўключылі, бо на камісіі было агучана, што яны беспрацоўныя, не маюць вопыту працы ў выбарчых камісіях. Таксама не ўключылі прадстаўніка ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
У Кастрычніцкую і Ленінскую выбарчыя тэрытарыяльныя камісіі Гародні не ўключылі пяць прадстаўнікоў партыі БНФ, Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, партыі левых “Справядлівы Свет”. Усіх не дапусцілі з-за парушэнняў у спосабе падачы заявак на рэгістрацыю. Усе сябры камісіяў належаць праўладным грамадскім аб’яднанням, а таксама адзін з іх – Валеры Саўко – партыі камуністаў Беларусі. Ён раней узначальваў абласную выбарчую камісію.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота euroradio.fm