Апазіцыя пачала працэдуру выбару адзінага кандыдата



Лідары пяці апазіцыйных партый 27 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску абвясцілі пра пачатак працэдуры выбару адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.

Менск, 27 студзеня. Лідары пяці апазіцыйных партый 27 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску абвясцілі аб пачатку працэдуры выбару адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.

Пра тое, як будзе праходзіць палітычная кампанія, расказалі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху „За Свабоду”, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Партыі БНФ.

„Гэта першы этап вяртання свабодных выбараў у Беларусь. Яны дазваляюць прыцягнуць грамадзян. Мы не абмяжоўваем удзел актывістамі, членамі партый. Наша задача — прыцягнуць як мага больш людзей”, — заявіў старшыня АГП Мікалай Казлоў.

Працэдура прадугледжвае выкарыстанне рэйтынгавай сістэмы. Патэнцыйна кандыдат можа набраць 100 балаў. Першыя 10 балаў будуць размеркаваныя паміж партыямі. 30 балаў можна атрымаць падчас інтэрнэт-галасавання, 30 — падчас галасавання ў рэгіёнах, 30 — на Кангрэсе дэмакратычных сіл.

Як заявіў старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, узяць удзел у выбарах зможа прадстаўнік партыі, які мае рашэнне органа кіравання, альбо звычайны грамадзянін, што сабраў 200 подпісаў. Усе ўдзельнікі таксама абавязаныя заплаціць узнос у эквіваленце 500 еўра — гэтыя грошы пойдуць на арганізацыю працэдуры выбараў.

15 студзеня пачалося стварэнне штаба праймерыз. Гэты працэс плануецца завяршыць да 2 лютага. З 3 па 16 лютага будуць прымаць заяўкі ахвотных удзельнічаць у працэдуры выбараў адзінага кандыдата, з 16 лютага па 3 сакавіка будзе праведзены аналіз пададзеных заявак. Спіс прэтэндэнтаў плануецца абвясціць 4 сакавіка.

З 4 сакавіка па 30 красавіка адбудзецца інтэрнэт-галасаванне, з 4 сакавіка па 14 траўня — праймерыз у рэгіёнах.

Канчаткова кандыдат будзе вызначаны на Кангрэсе дэмакратычных сіл, які плануецца правесці ў перыяд з 15 па 30 траўня.

„У паездках па рэгіёнах мы плануем аб’ехаць да 80 гарадоў, у кожным пункце будзе праходзіць галасаванне. Бюлетэні будуць адмысловага фармату, кожны ахвотны павінен пакінуць пашпартныя звесткі”, — сказаў Казлоў.

belapan.by