Апазіцыя прадставіла „Антыкарупцыйную платформу”
У Менску прадстаўнікі апазіцыйных партыяў і аб’яднанняў прадставілі „Антыкарупцыйную платформу”. Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, гэта супольны дакумент. А гэта ў апошні час у апазіцыі здараеццца не так і часта, як хацелася б. Зараз 11 палітычных і грамадска-палітычных арганізацыый узгаднілі праект дакумента. Было шмат дыскусій. Але можна канстатаваць, што ў апазіцыі зараз ёсць ясны адказ, як мінімізаваць наступствы карупцыі ў Беларусі.
– Далей мы маем намер арганізаваць як мага больш шырокую дыскусію, у якую пастараемся ўцягнуць як мага больш грамадзян. Патлумачыць ім, што карупцыя – гэта праблема, якая датычыць літаральна кожнага. Калі б мы насамрэч істотна паменшылі хаця б на адну траціну або на палову рэсурсы, якія праходзяць праз карупцыйны складнік, а гэта параўнальна з бюджэтам краіны – ад 28 да 35 мільярдаў даляраў, так ацэньваюць эксперты гэтыя велізарныя рэсурсы, якія губляе краіна ў цэлым і якія губляюць асобныя сем’і і людзі.
Анатоль Лябедзька сказаў, што пасля шырокага абмеркавання „Антыкарупцыйная платформа” будзе накіравана ва ўладныя структуры. Верагоднасць практычнай рэалізацыі гэтых напрацовак цяперашнімі ўладамі невысокая. „Але тым не менш, мы будзем дэманстарваць нашу скіраванасць на вырашэнне праблемы, а не займацца толькі крытыкай. Таксама гэты дакумент будзе выкарыстоўвацца падчас прэзідэнцкай і парламенцкай кампаніі, як частка паслання кандыдатаў – прыхільнікаў пераменаў,” – сказаў Анатоль Лябедзька.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя