Апазіцыя прадставіла сваіх кандыдатаў на выбарах у Сенат ад Падляшскага ваяводства

Прадстаўнікі апазіцыі ў панядзелак у Беластоку прадставілі гэтак званы „Сенацкі пакт“ — сваіх кандыдатаў у вышэйшую палату польскага парламенту Сенат. Іх кандыдаты ў Сенат, дзе на выбарах у падляшскім ваяводстве ёсць тры выбарчыя акругі гэта:
- Мацей Жыўна (Maciej Żywno) з „Польшчы 2050 Шымона Галоўны“ будзе балатавацца ў выбарчай акрузе нумар 60 дзе будуць галасаваць сярод іншага жыхары Беластоку
- Беспартыйны, цяперашні бельскі стараста Славамір Снарскі (Sławomir Snarski) будзе балатавацца ў выбарчай акрузе нумар 61, якая ахоплівае паўднёва-усходнюю частку падляшскага ваяводства
- Цэзары Цеслюкоўскі (Cezary Cieślukowski) будзе балатавацца ў акрузе нумар 59 якая ахоплівае сярод іншага Ломжу і Сувалкі.
Кіроўная партыя Права і Справядлівасць вылучае адпаведна: Марыюша Громко (Mariusza Gromko), Анну Багуцку (Annę Bogucką) і Марэка Камароўскага (Marka Komorowskiego). Сваіх кандыдатаў у Сенат вылучае таксама Канфедэрацыя. Гэта: Збігнеў Касперчук (Zbigniew Kasperczuk), Барташ Малеўскі (Bartosz Malewski) і Адам Келчэўскі (Adam Kiełczewski).
На выбарах у 2019 годзе ва ўсіх акругах Падляшскага ваяводства ў Сенат перамаглі кандыдаты ад ПіС: Марыюш Громко, Яцэк Багуцкі і Марэк Камароўскі.
Сёлета парламенцкія выбары ў Польшчы адбудуцца ўжо 15 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя
