У Менску прайшоў устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэса (абноўлена)



Правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў Беларусі, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. У склад аргкамітэта таксама ўвайшлі Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў. Рашэнне правесці кангрэс на адкрытым паветры было прынятае пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне. Паводле слоў арганізатараў, і дзяржаўныя, і прыватныя арганізацыі адмовілі ім у арэндзе, баючыся негатыўнай рэакцыі з боку ўладаў, а Мінгарвыканкам адмовіўся спрыяць пошуку памяшкання. На прэс-канферэнцыі 12 мая прадстаўнікі аргкамітэта паведамілі, што ў сувязі з немагчымасцю правядзення паўнавартаснага пасяджэння кангрэса 15 мая адбудзецца яго ўстаноўчая сесія.

bnk15053-hzlv4

11.55 У скверы каля помніка Купалу каля 80 чалавек, сярод якіх — арганізатары кангрэса, вядомыя апазіцыйныя палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык. Сімволікі ні ў каго няма. Шмат супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным, якія размясціліся па тэрыторыі ўсяго сквера. Міліцыянеры ў форме дзяжураць на выхадах са станцыі метро —«Кастрычніцкая». Некалькі супрацоўнікаў ДАІ патрулююць тэрыторыю на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы, дзе размешчаны сквер.

bnk15052-k85nh 12.10 Каля помніку Янку Купалу Мікалай Статкевіч праз гучнагаварыцель звярнуўся да прысутных, каб яны атрымалі мандаты ўдзельнікаў кангрэса. Ён зазначыў, што працаваць сёння давядзецца хутка ў сувязі з неспрыяльным надвор`ем: у Менску пачаўся моцны дождж. Адразу ж пасля гэтага да яго падышлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі, прапанаваўшы пакінуць месца несанкцыянаванага мерапрыемства. Яны папярэдзілі палітыка пра адміністрацыйную адказнасць і пра тое, што ў выпадку непадпарадкавання іх патрабаванням на яго будзе складзены пратакол. Статкевіч не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыі і пагадзіўся на складанне пратакола. 12.15 У скверы Янкі Купалы ўжо каля 100 чалавек. Прысутныя трымаюць некалькі сцягоў — бел-чырвона-белыя і сімволіку кампаніі «Еўрапейская Беларусь». З`явіліся расцяжкі з сімволікай Беларускага нацыянальнага кангрэса і лозунгам «Уладу — народу!». Статкевіч у мегафон паведаміў, што кангрэс пачне працу пасля рэгістрацыі ўсіх дэлегатаў. Тым часам супрацоўнікі міліцыі ў форме абходзяць удзельнікаў, якія маюць сімволіку, для складання адміністрацыйных пратаколаў. Пратаколы, у прыватнасці, складаюць у дачыненні да актывістаў Леаніда Кулакова, Волькі Нікалайчык, пенсіянеркі Ніны Багінскай. 12.30 Міліцыянеры працягваюць складаць пратаколы ў дачыненні да прысутных. У прыватнасці складзены пратакол на групу маладых людзей, якія агарнуліся бел-чырвона-белымі сцягамі, і ў дачыненні да хлопца, які разгарнуў рукапісны транспарант з цытатай з песні гурту «Ляпіс Трубяцкі»: «Ты ни при чем, равнодушие убивает не хуже пули». Супрацоўнікі міліцыі таксама выстаўляюць прэтэнзіі да жанчын, якія рэгіструюць дэлегатаў, і спрабуюць высветліць у іх, што гэта за спісы. 12.32 Беларускі нацыянальны кангрэс пачаў працу. Першым выступіў палітык Станіслаў Шушкевіч. Ён заявіў, што Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду слова і сходаў. «Мы не змаглі сабрацца ў памяшканні, таму ў знак пратэсту сабраліся тут. Міліцыя ж, замест таго, каб ахоўваць нас, складае пратаколы», — сказаў ён. Сённяшнюю Беларусь Шушкевіч назваў «паліцэйскай дзяржавай», уладу ў якой, паводле яго слоў, дэлегаты кангрэса «хочуць змяніць мірным шляхам». Палітык таксама заявіў, што прысутныя тут патрабуюць змены ўлады канстытуцыйным шляхам, правядзення дэмакратычных выбараў і адстаўкі кіраўніка Цэнтрвыбаркама. 12.40 Выступіў кіраўнік прафсаюза РЭП (радыёэлектроннай прамысловасці) Генадзь Фядыніч. «Нас прымусілі сабрацца ў скверы каля помніка нашаму вялікаму паэту. Улада не пачула лепшых прадстаўнікоў свайго народа», — зазначыў ён. Фядыніч раскрытыкаваў сацыяльна-эканамічную палітыку беларускай улады, у тым ліку: рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту ў тым выглядзе, у якім яно прынятае; працяг выкарыстання кантрактнай сістэмы найму; пераход многіх прамысловых прадпрыемстваў на скарочаны працоўны тыдзень. Ён таксама заявіў пра безыніцыятыўнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў. «Але калі будзе нейкі рух і ініцыятыва ў дырэктара, у яго ёсць два шляхі: або ты развітваешся з працай, ці ты пойдзеш за краты», — сказаў прамоўца. Фядыніч таксама заявіў, што ўлады баяцца праводзіць эканамічныя рэформы з-за страху страціць уплыў на прыватны і дзяржаўны бізнес. «Сёння нельга назваць палітыку сацыяльна арыентаванай — гэта антынародная палітыка, якая давяла народ да галечы», — заявіў прафсаюзны лідар. Пасля выступу Фядыніча Мікалай Статкевіч абвясціў парадак дня кангрэса, які прыняты аднагалосна.

12.50 Вячаслаў Сіўчык у сваім выступе заявіў, што сённяшняя ўлада «не проста слабая — яна ў маразме, яна не мае ніякіх планаў на будучыню, яна можа толькі закручваць гайкі». Палітычную сітуацыю ў Беларусі Сіўчык ахарактарызаваў так: «Нас усіх прымусілі жыць пры прыгонным праве, але мы не змірыліся з такім жыццём. Скончыцца лукашэнкаўскае прыгоннае права. Мы маем права на дастойнае жыццё». Уладзімір Някляеў, у сваю чаргу, заявіў, што беларусам «неабходна стварыць сілу, якая будзе супрацьстаяць усім сілам, што працуюць на знішчэнне Беларусі». Ён таксама заявіў пра неабходнасць «аб`яднацца, выпрацаваць агульную стратэгію дзейнасці».

Правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў Беларусі, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. У склад аргкамітэта таксама ўвайшлі Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

12.58 Пасля выступленняў удзельнікі кангрэса распачалі прыняцце рэзалюцый. Першай была ўхваленая рэзалюцыя «Беларусь: стан дзяржавы і нацыі».

У ёй гаворыцца пра тое, што «сучасная беларуская дзяржава прыватызаваная аўтарытарным рэжымам з мэтай панавання над краінай». «Рэальныя дэмакратычныя інстытуты ў Беларусі ліквідаваныя, выбары ператвораныя ў фарс, улада душыць любыя праявы іншадумства, грамадскага супраціву, накіраванага на ўсталяванне дэмакратыі, законнасці, правоў чалавека», — адзначаецца ў рэзалюцыі.

«Не маючы дастатковых сродкаў на захаванне архаічнай эканамічнай мадэлі, рэжым распрадае нават тыя актывы, якія з`яўляюцца асновай суверэнітэту Беларусі. Прададзеная ўся газатранспартная сістэма, частка ваеннага суверэнітэту, большая частка тэлевізійнай прасторы. Праз крамлёўскія датацыі і прэферэнцыі, якімі падтрымліваецца рэжым, Беларусь трапіла ў небяспечную залежнасць ад Расіі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Крызіс расійскай сыравіннай эканомікі, адзначаецца ў дакуменце, «пацягнуў на дно шчыльна прывязаную да яе нерэфармаваную эканоміку Беларусі: падае вытворчасць, зніжаюцца даходы насельніцтва, расце беспрацоўе, павялічваецца знешняя запазычанасць, усё больш беларусаў пакідаюць сваю краіну, якой пагражае страта вядучых галін прамысловасці і сацыяльны крызіс».

На думку ўдзельнікаў кангрэса, агрэсіўная палітыка расійскага кіраўніцтва ўяўляе небяспеку не толькі палітычнай і эканамічнай, але і нацыянальнай палітыцы беларускага рэжыму: «Каб дагадзіць свайму манапольнаму донару і прадухіліць нацыянальную кансалідацыю грамадства, рэжым паслядоўна знішчаў гістарычную памяць беларусаў, нацыянальную культуру, нашу мову. Паслядоўная і мэтанакіраваная палітыка русіфікацыі стала сур`ёзнай пагрозай суверэнітэту краіны».

«Нягледзячы на відавочную згубнасць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, кіруючы рэжым адмаўляецца ад жыццёва неабходных палітычных і эканамічных рэформаў. Прычына адна: дэмакратычныя рэформы прывядуць да страты аўтарытарнай улады. Таму рэжым спрабуе працягнуць час свайго існавання, забіраючы ўсё, што можна забраць, у народа. Нават у пенсіянераў і беспрацоўных. Пры пануючым рэжыме само існаванне нашай дзяржавы, беларускай нацыі пастаўленае пад пагрозу. Каб пазбегнуць гэтага, нацыя павінна згуртавацца і прымусіць рэжым сысці», — сказана ў рэзалюцыі.

Кангрэс таксама прыняў рэзалюцыю «Беларускі нацыянальны кангрэс: платформа пераменаў».

У ёй адзначаецца, што ўдзельнікаў кангрэсу хвалююць збядненне людзей, рост коштаў, беспрацоўе, карупцыя і свавольства чыноўнікаў, заняпад нацыянальнай культуры, нізкі ўзровень адукацыі ў краіне, пагрозы незалежнасці, міру і спакою ў Беларусі. У сувязі з гэтым платформа пераменаў вызначае асноўныя тэзісы — выратаванне нацыі, эканоміка і дабрабыт, клопат пра людзей, здароўе і экалогія, бяспека дзяржавы, Беларусь у свеце, веды і праўда. У гэтых кірунках кангрэс і мае намер дзейнічаць. Мікалай Статкевіч заявіў, што рэзалюцыя прымаецца за аснову для абмеркавання далейшай працы над ёй.

Удзельнікі кангрэса ўхвалілі пастанову «Аб адзінстве дэмакратычных сіл».

У ёй адзначаецца, што адзінства дэмсіл з`яўляецца абавязковай і ключавой умовай перамогі дэмакратыі ў Беларусі. «Толькі аб`яднаныя і аўтарытэтныя дэмакратычныя сілы здольныя ўзначаліць і накіраваць нарастаючы сацыяльны пратэст дзеля прымусу ўлады да дэмакратызацыі палітычнага і эканамічнага жыцця краіны», — сказана ў дакуменце.

З мэтай кансалідацыі дэмакратычных арганізацый кангрэс пастанавіў:

— лічыць Беларускі нацыянальны кангрэс пастаянна дзейным аб`яднаннем дэмакратычных сіл краіны;

— сфарміраваць шляхам прамога дэлегавання савет кангрэса з ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый (па адным чалавеку) і прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласці і горада Мінска);

— заклікаць да сумеснай працы ўсе дэмакратычныя партыі і арганізацыі, прадугледзець у савеце кангрэса месцы для іх прадстаўнікоў;

— спрыяць стварэнню ў абласных цэнтрах і буйных гарадах рэгіянальных кааліцый дэмакратычных сіл з мэтай іх кансалідацыі.

Прынятая таксама рэзалюцыя «Пра пазіцыю кангрэса адносна выбарчай кампаніі 2016 года».

У ёй адзначаецца, што «кіруючы рэжым добраахвотна не пагодзіцца на дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства», а таму кангрэс з разуменнем ставіцца да тых, хто не жадае ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Разам з тым пра ўдзел у палітычнай кампаніі заявіла большасць дэмакратычных партый і арганізацый, якія збіраюцца скласці больш за пяць асобных спісаў кандыдатаў, гаворыцца ў рэзалюцыі.

Удзельнікі кангрэса лічаць безадказным, калі ў большасці акругаў аднаму кандыдату ад улады будуць супрацьстаяць па некалькі апазіцыйных кандыдатаў, якія «расцягнуць галасы пратэстнай большасці і скрадуць перамогу самі ў сябе нават без фальсіфікацый». Такая сітуацыя можа прывесці «да яшчэ большага зніжэння аўтарытэту дэмакратычных сіл і росту апатыі ў грамадстве».

Каб паменшыць негатыўныя наступствы канкурэнцыі апазіцыйных кандыдатаў паміж сабой, кангрэс вырашыў вызначыць і абвясціць адзіны спіс дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты па наступных прынцыпах:

— прэтэндэнты павінны пісьмова звярнуцца ў савет кангрэса з адпаведнай заявай аб тым, што іх агітацыйная кампанія будзе грунтавацца на прынцыпах дэмакратыі, дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі;

— прэтэндэнты, прапанаваныя рэгіянальнымі кааліцыямі дэмсіл, аўтаматычна ўключаюцца ў адзіны спіс кангрэса на тую акругу, на якую былі прапанаваныя;

— калі на адну выбарчую акругу прыпадае некалькі прэтэндэнтаў, і ні адзін з іх не атрымаў падтрымкі мясцовай кааліцыі дэмакратычных сіл, то рашэнне па ўключэнні ў спіс аднаго з іх прымае савет кангрэса;

— савет кангрэса спрыяе кандыдатам з адзінага спісу ў іх вылучэнні, аказвае ім палітычную, інфармацыйную і іншую дапамогу.

У выпадку фальсіфікацыі вынікаў выбараў савет кангрэса мае намер арганізаваць мірныя акцыі пратэсту.

13.02 Уладзімір Някляеў паведаміў, што паўнамоцтвы аргкамітэта кангрэса перайшлі да яго савета, які сфарміраваны з прадстаўнікоў рэгіянальных структур і арганізацый, што ўваходзяць у кангрэс.

Пасля гэтага Мікалай Статкевіч абвясціў устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэса закрытым.

БелаПАН

Фота: Наша Ніва