Апазіцыя рыхтуе Маршы салідарнасці па ўсёй краіне (абноўлена)
Пра гэта абвешчана на прэс-канферэнцыі аргкамітэта па правядзенні 1 траўня Маршу салідарнасці ў падтрымку ўсіх рэпрэсаваных, які пройдзе ў Менску.
Маршы салідарнасці ў рэгіёнах стануць працягам працы, якую распачалі прадстаўнікі дэмакратычнага руху з пачатку гэтага года, кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
– Для нас гэта працяг Маршаў недармаедаў, якія адбыліся ў лютым і сакавіку. Больш за тое, на гэтым мы не спыняемся, бо адно з пасланняў: трэба мяняць эканамічны курс і сацыяльную палітыку. Гэта наша агульнае патрабаванне і правых, і левых, якія ўваходзяць у аргкамітэт. І пасля 1 траўня будуць праведзены новыя акцыі, мы будзем падаваць заяўкі.
Заяўкі на правядзенне 1 траўня Маршаў салідарнасці ўжо пададзены ў Магілёве і Гомелі. На Маршах салідарнасці будуць вылучаны патрабаванні спынення рэпрэсій і вызвалення затрыманых, скасавання дэкрэту аб дармаедах, выбар новага эканамічнага курсу і справядлівыя выбары.
“Правядзенне Марша па традыцыйным маршруце, які некаторыя называюць кампрамісным, дазволіць легальна сабраць людзей”, – кажа намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч:
– Фармат акцыі – гэта шэсце і сам мітынг. Натуральна мы разлічваем сабраць людзей каля Акадэміі навук а 16-й гадзіне. Гэта другі дзень выходных, фактычна панядзелак, але мы цудоўна разумеем, што частка людзей з’язджае з горада і каб яна магла ў гэтай другой палове дня вярнуцца і далучыцца да нашай акцыі.
У аргкамітэт па правядзенні Маршу салідарнасці акрамя Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў уваходзяць актывісты іншых прафсаюзаў, левых партый, а таксама прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ucpb.org