Апазіцыя рыхтуецца да кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў
Апазіцыя рыхтуецца да кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў, як мяркуецца, яна можа адбыцца ўжо ў лістападзе бягучага году.
Па словах старшыні Руху „За Свабоду” Юрася Губарэвіча, Рух падрыхтаваны да выбараў любых узроўняў. „Адзінае толькі, што выбараў у нас у Беларусі няма. Таму выбарчыя кампаніі, – як мясцовыя, парламенцкія, так і прэзідэнцкія, – выкарыстоўваюцца хутчэй для таго, каб змяніць сітуацыю у Беларусі, дайсці да людзей,” – кажа Юрась Губарэвіч.
– Дайсці да большага кола грамадзян, пераканаць іх у тым, што перамены неабходныя, у тым, што сённяшняе кіраўніцтва дзейнічае насуперак грамадскіх інтарэсаў. І апазіцыя можа прадстаўляць якраз альтэрнатыўныя погляды і падыходы. Таму парламенцкая кампанія не стане для нас выключэннем. Канешне, у першую чаргу мы будзем настойваць на змяненні выбарчага заканадаўства. Калі сённяшняя ўлада зацікаўлена, каб будучая Палата прадстаўнікоў была прызнаная міжнароднай супольнасцю і беларускім грамадствам, трэба мяняць правілы выбарчай гульні.
А калі гэтыя правілы не будуць змененыя, выбарчую кампанію трэба выкарыстаць для данясення сваіх ідэяў, для актыўнай працы з насельніцтвам, – падкрэсліў палітык. „Дзеля гэтага мы вылучым кандыдатаў на парламенцкія выбары, якія будуць акцэнтаваць увагу на балючых, ключавых пытаннях як у краіне, так і ў сваіх выбарчых акругах”, – сказаў Юрась Губарэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск