Апазіцыя заклікае на мітынг супраць эканамічнай палітыкі ўлад (абноўлена)



Збор подпісаў за адстаўку ураду і кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі  пачынае сёння АГП. “Тры  фінансавыя шокі цягам 5 гадоў без тэрапіі – гэта дастаткова, “ – кажа лідар партыі Анатоль Лябедзька:

– Зараз улада будзе ўсе свае высілкі ўкладваць не ў тое, каб не рабіць людзей яшчэ бяднейшымі, а  каб не дапусціць камунікацыі прыхільнікаў пераменаў з людзьмі.

Анатоль Лябедзька спадзяецца, што да збору подпісаў пра адстаўку ўраду і кіраўніка краіны далучацца і іншыя апазіцыйныя актывісты.

Учора 7 апазіцыйных партыяў і рухаў дамовіліся праводзіць супольныя дзеянні па інфармаванні грамадства аб складанай эканамічнай сіттуацыі, ў якой апынулася Беларусь.

* * *

Мітынг плануецца 11 студзеня, месца правядзення яшчэ не ўзгодненае. Такое рашэнне прынялі лідары  апазіцыйных партыяў на сумесным паседжанні, якое прайшло вечарам 23 снежня. Лідар АГП Анатоль Лябедзька адзначае, што гэта пратэст супраць бяздарнай фінансавай палітыкі:

– Прынятае рашэнне, якое тычыцца падачы супольнай заяўкі на правядзенне мітынгу ў Менску. Таксама ёсць згода, каб на 17 студзеня падаць некалькі соцень заявак на арганізацыю і правядзенне пікетаў, скіраваных супраць бяздарнай фінансавай палітыкі беларускіх уладаў, за адстаўку Лукашэнкі і ягонага ўраду, а таксама ў падтрымку рэалізацыі антыкарупцыйнай платформы.

Гэта сумеснае рашэнне АГП,  Сацыял-дэмакратычнай партыі рамада, Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, Руху «За свабоду», Кампаніі «Гавары праўду!» і Справядлівага свету.

* * *

Пра мітынг супраць бяздарнасці уладаў, пікеты супраць збяднення насельніцтва і супраць абмежаванняў у доступе да незалежных СМІ дамовіліся лідары беларускіх апазіцыйных партыяў. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі адзначыў, што лідары апазіцыі далі таксама  супольную ацэнку аднаўленню дыялогу паміж Менскам і Бруселем:

– Мы расцэньваем аднаўленне кантактаў заходніх палітыкаў з беларускім рэжымам як той фактар, які паспрыяў развязванню новага вітка рэпрэсій з боку беларускіх уладаў. Бо гэта імі было прынята як маўклівая згода.

У студзені беларуская апазіцыя рыхтуе шэраг пікетаў і пратэстных акцыяў накіраваных на інфармаванне насельніцтва пра жахлівы стан беларускай эканомікі і фінансавы крызіс. Пікеты запланаваны на 17-га, а мітынг на 11-га студзеня.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info