Апазіцыянеры сустрэліся з прадстаўніком Дзярждэпа ЗША



Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, адказны за адносіны з Украінай, Беларуссю і Малдовай Аляксандр Касаноф сустрэўся з лідарамі беларускіх дэмакратычных партый і грамадскіх аб’яднанняў Беларусі.

Па словах аднаго з удзельнікаў сустрэчы, старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, візіт сведчыць, што ўвага Злучных Штатаў да Беларусі працягвае падвышацца:

– На жаль, прычына для гэтага ёсць – гэта рост нестабільнасці, справакаваны дзеяннямі Расеі. На маю думку, разуменне, хто ж усё такі з’яўляецца донарам нестабільнасці і аўтарытарызму на постсавецкай прасторы ў амерыканскіх палітыкаў і дзяржаўных дзеячоў прысутнічае.

Важна, што Амерыка дэманструе цвёрдую падрымку свабоды, дэмакратыі і ўсіх тых урадаў, арганізацый і людзей, якія адстойваюць свабоду і дэмакратыю. „І такое пасланне прадстаўнік Дзярждэпартамента да нас, безумоўна, данёс. І сам ягоны візыт, і факт сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычных партыяў яскрава сведчыць, што ЗША рэагуе на тыя, на жаль, негатыўныя падзеі, якія разгортваюцца ў нашым рэгіёне,” – сказаў Аляксей Янукевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота alligator.ru