Апісалі маёмасць старшыні Партыі БНФ



“Тэлевізар ацанілі ўсяго ў 20 рублёў”, – абураецца Рыгор Кастусёў. На гэтым тыдні старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў цэлы стос лістоў з аддзела прымусовага выканання Шклоўскага раёна па нясплаце штрафа за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй, што праходзілі ў Менску ў снежні мінулага года.

А 26 траўня судовыя выканаўцы апісалі маёмасць палітыка…

Рыгор Кастусёў: Штраф быў 810 рублёў і дадатак да гэтага судовыя выканаўцы яшчэ налічылі 81 рубель. Мне паведамілі, што накладзены арышт на карыстанне гаражом і машынай, а сёння апісалі ў кватэры частку маёмасці: тэлевізар, халадзільнік, пральную машыну, канапу, крэслы і стацыянарны тэлефон.

Мяне азнаёмілі з пратаколам, але маёмасць не забіралі, яна знаходзіцца ў кватэры як быццам на захаванні з першасным правам на продаж.

РР: Штраф не такі і вялікі, а маёмасці шмат апісалі…

Рыгор Кастусёў: А ў іх свае крытэры ацэнкі. Напрыклад, тэлевізар ацанілі ўсяго ў 20 рублёў,  пральную машыну – у 70 рублёў… Агульны кошт арыштаванай маёмасці складае 430 рублёў. Цэны проста смешныя!

РР: Што далей збіраецеся рабіць?

Рыгор Кастусёў: Зараз звяртаюся да сяброў, прашу дапамогі, каб аплаціць хаця б палову штрафа ў растэрміноўку. Падключыліся і блогеры, і мае наменсікі ў партыі… Будзем збіраць па капейцы, хто колькі можа.

Раней, калі я працаваў і займаўся бізнесам, такая сума не была б для мяне праблемай, але зараз крыху іншыя часы. Цяпер жа я на пенсіі.

Кастусь Заблоцкі, Беларуская Радыё Рацыя